«Астана». Прэв’ю да матчу



У мінулым сезоне «Астана» пашумела ў Адзінай Лізе. ВТБ. Эміль Райкавіч сабраў баяздольны калектыў, які дайшоў да чвэрцьфінальнай стадыі турніру. Сам македонскі спецыяліст быў прызнаны трэнерам года ў Лізе. Не дзіўна, што кіраўніцтва захацела працягнуць супрацу.

У міжсезонне казахстанцы адпусцілі ўсіх сваіх легіянераў, а на прэзентацыі да новага сезону абвясціў пра завяршэнне кар'еры шматгадовы капітан каманды Рустам Ергалі. Зараз экс-гулец з'яўляецца выканаўчым дырэктарам клубу.

З улікам таго, як шмат гульнявога часу атрымліваюць легіянеры, скаўтам давялося актыўна папрацаваць улетку. Вынікам такой працы стала падпісанне 4 амерыканцаў і аднаго серба. Абаронца Джэрэмі Хіл правёў папярэдні сезон у «Лэйкланд Мэджык». Свінгмэн Малкальм Хіл перайшоў з нямецкага «Людвігсбургу». Многім аматарам баскетболу вядомы і Айзэя Ўайтхэд, які паўгода значыўся ў складзе «Лакаматыва-Кубань» у сезоне 2018/19, а потым перабраўся ў «Дэтройт Пістанс». Ну а форвард Коці Кларк паспеў пагуляць і за казанскі УНІКС, і за саратаўскі «Аўтадор». Папярэдні сезон Кларк правёў у чарнагорскай «Будучнасці».

Апошні, але не менш важны замежнік у складзе «Астаны» - цэнтравы Душан Рысціч. У мінулым сезоне Рысціч дапамог «Црвене Звездзе» выйграць тры турніры: Адрыятычную лігу, Суперкубак Адрыятычнай лігі і чэмпіянат Сербіі. Паказнікі цэнтравога склалі 5.1 ачкі і 2.4 падборы ў сярэднім за матч.

Што да мясцовых гульцоў, то сярод іх таксама ёсць навічкі. Роберт Пан перайшоў з кастанайскага «Таболу», з якім паспеў стаць срэбным прызёрам Кубку Казахстана. А Андрэй Літвіненка перад тым, як перабрацца ў сталічную каманду, правёў 6 сезонаў за «Алмацінскі Легіён».

«Астана» пачала сезон паразай ад УНІКСу (72:81). За дзве хвіліны да канца матчу розніца ў ліку складала ўсяго 5 ачкоў, але больш дасведчаныя казанцы здолелі давесці матч да перамогі. Важны момант для супернікаў «Астаны» - іх кароткая лаўка. Каманда гуляе ратацыяй у шэсць чалавек. З мясцовых гульцоў толькі Аляксандр Жыгулін атрымлівае каля 25 хвілін гульнявога часу. А легіянеры праводзяць на пляцоўцы больш за 30. Для параўнання ў складзе «Цмокаў» толькі Бранка Міркавіч праводзіць практычна 75% гульнявога часу на пляцоўцы.

Нягледзячы на такую дыспазіцыю «Астана» здолела з мінімальнай перавагай перайграць на хатняй пляцоўцы «Лока» (90:88) і «Зеніт» (109:108). З піцерцамі, праўда, падапечным Эміля Райкавіча давялося згуляць авертайм. Падмаскоўным «Хімкам» на выездзе казахстанцы прайгралі 17 пунктаў (56:73).

І пра статыстыку. Самым рэзультатыўным і эфектыўным гульцом «Астаны» з'яўляецца Душан Рысціч. Цэнтравы набірае 20.3 ачкі і здзяйсняе 10.8 падбораў у сярэднім за гульню. Снайпер і «мозг» каманды Джэрэмая Хіл паказвае амаль 40% рэзультатыўнасці з перыметру і здзяйсняе 7.8 асістаў.

Што да «Цмокаў», то ў нас працягвае аднаўляцца Аляксандр Пустагвар і Аляксей Трасцінецкі. Яшчэ з непрыемнага - Джамар Абрамс з-за праблем са здароўем будзе глядзець гульню ў Мінску.

Матч «Астана» - «Цмокі» пройдзе заўтра. Гульня пачнецца ў 12.00 па мінскім часе. Як заўсёды, у прамым эфіры гульню можна знайсці на сайце Адзінай Лігі ВТБ.