«Цмокі» - «Алімпія». Бітва за золата



Жаночы чэмпіянат Беларусі ўступіў у завяршальную стадыю. Зусім хутка мы даведаемся, хто ж стане ўладальнікам залатых медалёў турніру: мінскія «Цмокі» або гарадзенская «Алімпія». А пакуль паглядзім, які шлях прайшлі дзяўчыны перш, чым трапіць у фінал.

Для нашай каманды гэта дзявяты (і шосты запар) фінал нацыянальнага першынства. Пры гэтым апошнія пяць разоў золата наша каманда разыгрывала з падапечнымі Наталлі Трафімавай, якіх у гэтым годзе і спыніла каманда з Гродна. Дарэчы, у далёкім 2013 годзе менавіта «Алімпія» пакінула нашу каманду з срэбрам турніру.

У гісторыі «Алімпіі» гэта таксама далёка не першы фінал. Гарадзенкі 8 разоў станавіліся лепшымі ў краіне, але апошняе чэмпіёнства здарылася ў тым самым 2013.

Сезон 2018/19 для суперніц складваўся па-рознаму. У еўрапейскай жаночай баскетбольнай лізе «Алімпія» здолела перамагчы толькі 4 разы ў 9 матчах і не прабілася ў фінальную чацвёрку. Нагадаем, «Цмокі» сталі ўладальніцамі срэбра турніру.

У рэгулярцы нацыянальнага першынства Гродна атрымаў 15 перамог пры 5 паразах, а ў плэй-оф спачатку двойчы разграміў «Гомельскія рысі», а затым, закрыў пытанне пра фінал для «Гарызонта». Праўда, мінімальна саступіўшы мінчанкам ў адной з сустрэч.

Верагодна, самую вялікую небяспеку ў складзе «Алімпіі» прадстаўляюць вопытныя Наталля Дашкевіч (14.2 ачкі, 5.2 падбора) і Вольга Капылова (12.1 ачко, 6.5 падбора). А вось Арыну Масько мы наўрад ці ўбачым, так як яна атрымала траўму ў адным з матчаў з «Гарызонтам». Пад пытаннем і ўдзел Дар'і Магаляс, якая аднаўляецца пасля пашкоджання.

У любым выпадку, які б не быў вынік фінальнай серыі, малады галоўны трэнер каманды Дзмітрый Кузьмін павінен запісаць гэты сезон сабе ў актыў. Учорашні гулец змог прывесці каманду да фіналу турніру ўпершыню за столькі сезонаў.

Што да нашай каманды, то маляўнічую гісторыю гэтага сезону трохі «азмрочвае» не выхад з групы Еўракубку. Але і там была шыкоўная выязная перамога над турэцкім «Бэшыкташам», і цалкам рабочая над курскім «Дынама».

Нацыянальная серыя без паражэнняў у 30 матчах запар і чарговая бітва за золата, якая, спадзяемся, паспяхова скончыцца. Дасведчаныя Вікторыя Гаспер, Ала Мураўская, Рэйчал Тэрыёт і Даніэль МакКрэй разам з капітанам Яўгеніяй Сцяпанавай павядуць за сабой маладую плеяду гульцоў Андрэя Ваўлева.

Заўтра ў 17.00 і ў нядзелю ў 14.00 на Уральскай 3а пройдуць першыя фінальныя матчы серыі да трох перамог.

Запрашаем усіх аматараў баскетбола. Уваход на матчы вольны! Акрамя таго, матч пакажуць у прамым эфіры на клубным канале «Цмокаў».