«Цмокі»-2 з cрэбрам ЕЮБЛу



У нядзелю раніцай «Цмокі» павінны былі правесці апошнюю гульню ў Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лізе супраць брытанскага «Маерскота». У выпадку перамогі мінчане зусім дакладна вярталіся б дамоў з медалямі, тады як параза пакідала нашу каманду без якіх-небудзь узнагарод.

Падначаленыя Георгія Кандрусевіча справіліся с задачай, выйграўшы 3 з 4 гульнявых адрэзкаў. Толькі ў апошняй чвэрці «Цмокі» дазволілі брытанцам адыграць 6 ачкоў – 75:58. Лідарамі ў складзе мінчукоў былі Уладзіслаў Блізнюк (19 ачкоў) і Вадзім Траццяк (18 ачкоў). А Вадзім Стубеда аформіў дабл-дабл з 10 ачкоў і 13 падбораў.

Пасля перамогі наша каманда ўсё яшчэ не ведала, медалі якой якасці ўручаць ім пад канец турніру. Лёс «Цмокаў» вызначаўся ў матчы эстонскага «Калева» і літоўскага «Жальгірыса». У выпадку перамогі гаспадароў у групе складалася б сітуацыя, калі астатнія тры каманды мелі ў сваім актыве па адной перамозе. У такім разе месцы размяркоўваліся па розніцы забітых і прапушчаных мячоў. Пры перамозе літоўцаў мінчукам ішла бронза турніру.

Прыбалты выдалі найзацяты матч, у якім на адно ачко мацней быў «Калеў» (101:100). Гэта перамога прынесла нашай камандзе срэбра юнацкага турніру.