«Цмокі» падоўжылі кантракт з Андрэем Стаброўскім



Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» працягвае сваю супрацу з маладым абаронцам Андрэем Стаброўскім.

Для яго гэты сезон стаў дэбютным у складзе каманды Расціслава Вергуна. Абаронца правёў за аснову 13 матчаў у Адзінай Лізе ВТБ са статыстыкай 3.2 ачкі, 0.5 падборы, 0.8 перадачы. У Кубку ФІБА-Еўропа – 7 гульняў, 2.6 ачкі, 0.6 падборы, 0.6 перадач. У матчы супраць «Зялёная Гуры» Стаброўскі адзначыўся 20 ачкамі, 2 падборамі і 1 асістам. Гэта сустрэча стала лепшай у яго выкананні.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
«Вельмі рады, што прынята такое рашэнне. Сёлета Андрэй праявіў сябе як самы моцны разыгрываючы ў краіне і годна выканаў ролю асноўнага гульца ў матчах нацыянальнай зборнай.

Час, які быў адведзены ў еўрапейскім клубным баскетболе, ён правёў з карысцю для сябе і для каманды.

Мы прайшлі доўгі шлях разам і сёння бачна, як Андрэй развіваецца з кожным годам. Веру, што ў нас расце беларускі разыгрываючы еўрапейскага класа.

У новым сезоне ў яго будзе абсалютна іншая роля і, спадзяюся, што ён справіцца. Гэта будзе карысна і для Андрэя, і для каманды».