«Цмокі» перамагаюць «Рысяў»



«Гомельскія рысі» - «Цмокі-Мінск» - 56:84 (9-22, 12-27, 18-22, 17-13)
«Гомельскія рысі»: Цімафей Вяроўкін (25+4 падборы), Аляксей Кавалёў (10+6 падбораў)
«Цмокі-Мінск»: Вадзім Траццяк (12+3 падборы +4 асісты), Цімафей Паралёў (12+7 падбораў +2 асісты), Кірыл Чумакоў (11+3 падборы +4 асісты)

Падапечныя Георгія Кандрусевіча здабываюць другую перамогу запар. На гэта раз не выстаялі «Гомельскія рысі».

Мінчане вырашылі не адкладаць усяго ў доўгую скрыню і ўжо з першай чвэрці адарваліся ад суперніка на 13 ачкоў. Пры гэтым трэнерскі штаб гасцей скарыстаў шырокую ратацыю, дазваляючы ўсім атрымаць гульнявы час. Першую палову сустрэчы госці дэманстравалі агрэсіўную абарону, змушаючы «рысей» здзяйсняць недакладныя кідкі. Да вялікага перапынку Гомель здолеў адзначыцца толькі 21 пунктамі.

Такая перавага дазволіла «Цмокам» злёгку раслабіцца, чым перыядычна карысталіся Цімафей Вяроўкін і Аляксандр Харытонаў. Гэта пара прынесла сваёй камандзе 14 ачкоў з 18 за трэцюю дзесяціхвілінку.

Апошні адрэзак стаў зорнай гадзінай капітана «рысей». Няўступлівы Вяроўкін набраў 9 пунктаў і дазволіў «рысям» здабыць перамогу ў асобнае ўзятай дзесяціхвілінцы. Але выніковы вынік гульні быў на карысць мінчукам.

Наступны матч Чэмпіянату Беларусі для «Цмокаў» адбудзецца 10 кастрычніка. Мінчане адправяцца ў Брэст.

Статыстыка матча