«Цмокі» спынілі лідара



Матч супраць лідару групы краснаярскага «Енісея» пачаўся для жаночай каманды «Цмокі-Мінск» не вельмі ўдала. Падапечныя Ваўлева дазволілі суперніцам набраць 9 неўзаемных ачкоў раней, чым самі здолелі трапіць у кош «Енісея». Дакладныя кідкі Рэйчал Тэрыёт і Кацярыны Рыбалкі трошкі ажывілі гульню. Але ў гэты момант у Краснаярску паляцела з-за перыметру: падапечныя Вольгі Шунейкінай за 10 хвілін здзейснілі далёкіх кідкоў больш, чым двухачковых (4 і 3 адпаведна). У нас толькі Ала Мураўская здолела завяршыць 2 атакі дакладнымі кідкамі з дугі.

І ўсё ж у дэбюце наступнага адрэзк а мінчучкі прадэманстравалі зайздросную зацятасць: злапалі суперніц на абмылах і набралі 5 ачкоў з лініі штрафу, скараціўшы адставанне. А менш чым за 4 хвіліны да перапынку зраўнялі лік і адправілі «Енісей» на тайм-аўт. Паўза не моцна паўплывала на ход гульні і да вялікага перапынку гаспадыні мелі толькі 1 ачко перавагі – 34:33.

Лік у другой палове адкрылі «Цмокі», захапіўшы лідарства ўпершыню з пачатку гульні. Зараз ужо гаспадыням даводзілася даганяць. Здавалася, «Цмокі» захаваюць хісткую перавагу, але неспартыўны фол Яўгеніі Сцяпанавай дазволіў «Енісею» ізноў завалодаць ініцыятывай. Краснаярск пачаў уцякаць, адарваўшыся на 8 пунктаў. Але каманда Андрэя Ваўлева змагла здзейсніць неверагодны камбэк. За 40 секунд да канца Рэйчал Тэрыёт зраўняла лік, а лэй-ап Адэры Чыдом прынёс такую важную для нас перамогу – 70:68.

Самым рэзультатыўным гульцом нашай каманды стала амерыканка Адэра Чыдом, якая набрала 20 ачкоў і 7 падбораў. 14 ачкоў і 8 падбораў у Алы Мураўскай, 13 ачкоў, 6 падбораў і 8 асістаў у Рэйчал Тэрыёт.

Апошнюю гульню групавога этапу Кубка ФІБА наша каманда правядзе праз тыдзень у славацкім Ружамбероке.

Статыстыка матчу

Фота: прэс-служба бк «Енісей»