Адзіная Ліга ВТБ. «Зеніт»



«Цмокі» завяршаюць зімовую хатнюю серыю матчам з лідарам турніру – піцерскім «Зенітам». Бела-блакітныя праводзяць, пэўна што, самы паспяховы сезон у гісторыі і гатовы пазмагацца з ЦСКА за чэмпіёнскі тытул. Глядзім, хто з'яўляецца галоўнымі асобамі ў гэтай камандзе.

Склад
Мы ўжо расказвалі, што пасля жудаснага сезона 2019/20 «Зеніт» правёў глабальную перабудову. У тым ліку змяніў галоўнага трэнера. Хаўер Паскуаль запрасіў у каманду 8 новых гульцоў, якія гэтак узаемазаменныя, што ў лідараў заўсёды ёсць магчымасць перадыхнуць. Гэта важная заўвага, калі ўспомніць, што Піцер грае не толькі ў ВТБ, але і Еўралізе. Пад апошні турнір у якасці замены траўмаванаму Алексу Пойтрэсу нядаўна падпісалі амерыканскага цэнтравога Тарыка Блэка. У Лігу ВТБ гулец не заяўлены.

zenit

Ключавыя гульцы
Осцін Холінс (#9) – амерыканец праводзіць свой другі сезон у культурнай сталіцы. Скаклівы абаронца ў сярэднім прыносіць сваёй камандзе 12.8 ачкоў (самы высокі паказнік у камандзе). Але справа нават не ў гэтым. У добры дзень ён становіцца проста нястрымны. Напрыклад, у матчы з «Калевам» ён трапіў 9 з 14 далёкіх кідкоў. Мабыць, толькі ў «Ніжняга» атрымалася спыніць Холінса, і Паскуаль змушаны быў зменшыць яго гульнявы час.

Уіл Томас (#10) – яшчэ адзін другагодка нягледзячы на свой немалады па баскетбольных мерках век часта выходзіць у страце і вельмі карысны для сваёй каманды, асабліва пад шчытамі (5.8 падбораў). У нядаўнім матчы супраць «Лакаматыва» аформіў дабл-дабл з 30 ачкоў і 11 падбораў, «Ніжняму» накідаў 24 ачкі і здзейсніў 8 падбораў. Так што, здаецца, амерыканец цяпер на піку.

Кевін Пангас (#4) – навічок каманды. Калі перад пачаткам сезона падпісанне гульца, які прапусціў сезон з-за пашкоджанні, выклікала пытанні, то канадзец усё даходліва патлумачыў. Гульнёй на паркеце. Сістэматворны гулец «Зеніту» уваходзіць у топ лепшых асістэнтаў і ВТБ, і Еўралігі. Дарэчы, у расійскім турніры яго паказнік роўны 6.8 перадачам у сярэднім за гульню, і гэта 4 месца.

Zenit

Артурас Гудайціс (#77)
– выдатна працуе ў звязку з канадскім разыгрываючым, дзейсна завяршаючы атакі. З пачатку 2021 года ён лёгка пераходзіў за адзнаку ў 10, а то і 20 ачкоў у Еўралізе, а ў Адзінай Лізе ВТБ яго статыстыка дасягнула 11,9 ачкоў (56,3% рэалізацыі двухачковых) і 4.8 падборы.

Увогуле, варта зрабіць абмоўку, што адразу 7 гульцоў Пітара маюць сярэднюю дзейснасць ад 7 да 12 ачкоў. Так, ніводнага «зенітаўца» няма ў топе Лізе па ачках, але якая розніца, калі твая каманда выйграе.

Турнірнае становішча
«Зеніт» - аднаасобны лідар Адной Лігі ВТБ. З адной паразай ад «Лока» ён упэўнена пачуваецца на першым радку. Дарэчы, «даўжок» краснадарцам бела-блакітныя вярнулі пад канец студзеня: выйгралі з розніцай у 5 пунктаў.

Адзіны «козыр» мінчукоў у змаганні з Піцерам – гэта падборы ў нападзенні, якія патрэбна канверсаваць у ачкі другога шанцу. Ну і дэманстраваць абарону не горш, чым у матчы з УНІКСам. Таму што нават лідары часам спатыкаюцца, як, прыкладам ЦСКА ў матчы а «Зялёная Гурой».

Матч «Цмокі-Мінск» - «Зеніт» пройдзе 7 лютага ў 16.00 на Мінск-Арэне. Квіткі шукайце на сайце ticketpro.by. Звяртаем увагу, што квіткі даступныя толькі анлайн. У дзень гульні не будзе магчымасці купіць квіткі ў касах арэны.

Для наведання арэны трэба выконваць наступныя правілы: быць у масцы, сачыць за сацыяльнай дыстанцыяй у 1.5 метра і больш, карыстацца антысептыкамі. На ўваходзе гасцям трэба праверыць тэмпературу. Каб пазбегнуць рызык заражэння гледачы з тэмпературай цела вышэй за 37.0 не могуць знаходзіцца на арэне.