Адзіная Ліга ВТБ. Енісей



У мінулым сезоне наша каманда не паспела злётаць у адно з самых далёкіх падарожжаў - у Краснярск. А цяпер мінчане адкрыюць свой новы сезон выязным матчам з «Енісеем». Што ж, давайце пазнаёмімся з нашым першым супернікам.

Міжсезонне
Прыйшлі: Кэран Джонсан, Лейтан Хэмандс, Тайус Бэйл, Сяргей Балашоў, Цімафей Якушын, Міхал Кулагін
Зышлі: Дзяніс Захараў, Ілля Усольцаў, Гарлон Грын, Нікола Рэбіч, Таміслаў Зубчыч

Enisey

Адной з галоўных страт каманды можна назваць сыход Дзяніса Захарава. Пасля паспяховага сезону абаронца прыняў запрашэнне ад піцерскага «Зеніту». З легіянераў мінулага году ў камандзе застаўся толькі амерыканец Дасцін Хог. Яму ў дапамогу падпісалі яшчэ 3 гульцоў з ЗША: Тайуса Бэйла з «Аёва Вулвз», Кэрана Джонс з «Клужа» і Лейтан Хэмандс з «Гдыні».

Напэўна, адной з галоўных надзеяў трэнерскага штабу павінен стаць чэмпіён свету U-17 Таюс Бейл. У краснаярскі клуб ён перайшоў з «Аёва Вулвз» (G Лігі), дзе ў сярэднім набіраў 8.1 ачкі, а таксама рабіў 3.4 падборы і 1.2 перадачы. У матчы супраць «Хімкаў» ён выйшаў у стартавай пяцёрцы і правёў на паркеце амаль 25 хвілін, за якія паспеў адзначыцца 9 ачкамі ды 4 падборамі.

Яшчэ перад матчам з падмаскоўнай камандай галоўны трэнер «Енісея» вельмі асцярожна выказваўся пра свае перспектывы. Ён адзначаў немагчымасць паўнавартай перадсезонкі, карантын для легіянераў (у нейкі момант трэнераваліся толькі 6 хлопцаў), «праблемы з цягліцамі» у Лейтана Хэмандса. Мяркуючы па расплывістай фармулёўцы і адсутнасці на гульні з «Хімкамі», амерыканец траўмаваўся і пачатак сезону прапускае.

Ключавыя гульцы
Тут мы пакідаем за дужкамі Таюса Бейла, пра якога ўжо згадвалі вышэй.

Аляксандр Гудумак (#6). Выступае за «Енісей» з 2019 года. У мінулым сезоне яго сярэднія паказнікі склалі 5.7 ачкі і 2.6 падборы. У перадсезоннай сустрэчы з клубам Суперлігі 1 ТЭМП-СУМЗ УГМК (Рэўда) набраў 27 ачкоў.

Дасцін Хог (#22). Летам 2019 года перайшоў у «Енісей» з італьянскага «Трэнта». Адразу ж стаў адным з лідараў, асабліва ў змаганні пад шчытом (па выніках мінулага сезону з паказнікам 6.9 падборы за гульню ўвайшоў у топ-5 па падборах у Адзінай Лізе ВТБ).

Міхал Кулагін (#30). Пераход абаронцы зборнай Расіі Міхала Кулагіна з ЦСКА ў «Енісей» адбыўся ў жніўні гэтага года. Да гэтага ён правёў у Маскве 5 сезонаў, двойчы выйграў Еўралігу і чатырохразова Адну Лігу ВТБ.
У матчы супраць «Хімкаў» гулец стаў самым рэзультатыўным у складзе сваёй каманды, набраўшы 22 ачкі, здзейсніўшы 2 падборы і 5 асістаў. І ўсё гэта за ледзь больш чым 19 мінуць.

Enisey

Галоўны трэнер
Для сербскага аспецыяліста Дражэна Анзулавіча гэта другі год у «Енісеі». Менавіта пад яго кіраўніцтвам на старце мінулага сезону Краснаярск упершыню ў сваёй гісторыі ў Лізе абгуляў ЦСКА. У часы сваёй гульнявой кар'еры Анзулавіч выступаў за харвацкую «Цыбону», з якой выйграў Еўралігу ў 1986-м. Трэнераваць пачаў у 2001 годзе ў «Заграбе». Працаваў таксама з «Цыбонай», «Урал-Грейтам», «Шарлеруа», «Данецкам», «Лятувас Рытасам», «Цэдэвітай», «Дамбровай» і нават з кітайскім «Нанкіне». З красавіка 2018 па травень 2019 узначальваў зборную Харватыі.

Становішча ў табліцы
Гульня з жоўта-сінімі стала дэбютнай для «Енісея». У першай палове сустрэчы ў гаспадароў шмат чаго атрымоўвалася. Пасля няўдалага старту Кулагін і Якушын не толькі знайшлі свой кідок, пнабраўшы 28 ачкоў на дваіх, але і вывелі «Енісей» у лідары. Аднак, маладыя гульцы не вытрымалі напору Джордана Мікі і саступілі ў канцоўцы «-15». Такі вынік адправіў Краснаярск на фармальны 11 радок.

Enisey

Матч «Енісей» - «Цмокі-Мінск» адбудзецца заўтра ў 15.30 па мінскім часе. Трансляцыю шукайце на сайце Адзінай Лігі ВТБ.