Адзіная Ліга ВТБ. Ніжні Ноўгарад



Прыйшлі: Кейсі Шэпард, Алекс Гаўрылавіч, Цімафей Герасімаў, Люк Петрасек, Ілля Платонаў, Сцяпан Гантар
Сышлі: Брэндан Браўн, Павел Анціпаў, Дарал Ўіліс, Тэрэл Паркс, Майкл Джэнкінс, Георгі Жбанаў

NN

Міжсезонне
Мінулы сезон у Адзінай Лізе ВТБ «Ніжні» скончыў на нязвыклым для сябе 11-м месцы. Немагчыма сказаць, як ішлі справы, калі б не датэрміновае сканчэнне гульнявога года, але толькі рашэнне арганізатараў Лігі Чэмпіёнаў дазволіла камандзе браць удзел адначасова ў двух міжнародных турнірах.

Магчыма, менавіта таму ў «Ніжнім» вырашылі адмовіцца ад усіх легіянераў і запрасіць новых замежнікаў. Пры гэтым усяго трох: Кэйсі Шэпард перабраўся з Кіева, з Мінска туды адправіўся Алекс Гаўрылавіч, а з нямецкага «Гёсэна» - Люк Петрасек. З апошнім атрымалася цікава: на самым старце сезону гулец атрымаў пашкоджанне і вымушаны быў адправіцца ў лазарэт. Яму на змену паспелі падпісаць амерыканца Нэйта Сестыну і амаль адразу «Ніжні» пайшоў на карантын. За час ізаляцыі і пераносаў гульняў Петрасек паспеў аднавіцца, а Сестына, гэтак і не зайграўшы за «Ніжні», адправіўся дамоў.

Ключавыя гульцы
Антон Астапковіч (#8) Выпускнік вайсковай «маладзёжкі» праводзіць за «Ніжні» свой трэці сезон. І калі летась ён быў стабільным гульцом стартавай пяцёркі, то сёння гэта лідар нападу ў камандзе Зорана Лукіча. Гулец праводзіць на паркеце 30 хвілін і адзначаецца ў сярэднім 18.7 ачкамі (6-е месца ў Лізе) 4.2 падборамі, 2.7 перадачамі. Праўда, экс-беларус у Мінск не прыедзе: 4 студзеня «Ніжні» апублікаваў навіну пра тое, што Антон выбыў на 4 тыдні.

Кэйсі Шеперд (#2) Перайшоў у НН з украінскага «Кіеў-Баскета», дзе быў стартавым першым нумарам. Галоўны трэнер не шкадуе амерыканца і змушае таго працаваць на паркеце амаль увесь матч – 37.5 хвілін. За гэты час гулец прыносіць сваёй камандзе ў сярэднім 16 ачкоў, 3.8 падбораў, 2.8 перадачы.

Shephard

Іван Страбкоў (#19) «Ветэран» каманды: выступае за «Ніжні» з 2015 года. У гэтым сезоне замацаваўся як гулец стартавай пяцёркі. Праводзіць на паркеце ў сярэднім 26.45 хвілін, за якія прыносіць камандзе 11.6 ачкоў, 3.3 падборы, 5.3 перадачы. У матчы супраць эстонскага «Калева» Іван паўтарыў свой уласны рэкорд кар'еры: 31 ачко (9 з 16 двухачковых, 3 з 5 трохачковых), 6 падбораў, 10 перадач і 38 балаў за эфектыўнасць дзеянняў.

Можна казаць, што «Ніжні» як і Мінск у сілу шэрага акалічнасцяў змушаны граць больш мясцовымі ігракамі. І хлопцы Зорана нядрэнна спраўляюцца са сваёй задачай: расійская пяцёрка «Ніжняга» Страбкоў-Камолаў-Бабурын-Астапковіч-Ганькевіч - самая эфектыўная ў Лізе.

Галоўны трэнер
Зоран Лукіч – легенда «Ніжняга Ноўгарада». З волжскай камандай ён прайшоў ад Суперлігі Б да Еўралігі. Вывеў НН у самы моцны клубны турнір Еўропы ў 2014 годзе, але потым пакінуў каманду. Частку сезону 2014/2015 правёў у турэцкім «Банвіце», але ў лютым 2015-га пайшоў з клуба. У сакавіку 2017 года вярнуўся ў «Ніжні» у якасці спартовага дырэктара, а пасля сыходу Артурса Шталбергса (якому асіставаў наш Эдмундс Валейка) зноў узначаліў каманду.

NN

Турнірнае становішча
«Ніжні» у топе Адзінай Лігі ВТБ на бягучы момант. Каманда мае ў сваім актыве 6 перамог пры 2 паразах ад «Лока» і ЦСКА. Можна, вядома, зрабіць абмоўку, што ўсе перамогі чорна-белыя здабылі над камандамі з ніжняй часткі турнірнай табліцы. Але калі ніжагародцы працягнуць забіраць ачкі ў непасрэдных супернікаў – гэтага будзе дастаткова не толькі для плэй-оф, але і для ўтрымання высокіх пазіцый у турнірнай табліцы.

«Цмокі-Мінск»
Нягледзячы на тое, што ў апошніх матчах мінчане дэманстравалі класную камандную гульню, гэтага было недастаткова для перамог. Страта «вялікіх» змушае трэнерскі штаб выкручвацца тымі, хто ёсць і задзейнічаць вельмі малады рэзерв. З добрага: магчыма, у гульні супраць «Ніжняга» мы ўбачым у справе навічка «Цмокаў» Дэрэка Кука. Амерыканец хоць і не класічны цэнтравы, але гулец узростам 206 сантыметраў павінен узмацніць нашу гульню пад шчытамі.

Матч «Цмокі-Мінск» - «Ніжні Ноўгарад» адбудзецца 9 студзеня ў 13.00 на Мінск-Арэне. Звяртаем увагу, што квіткі даступныя толькі анлайн. У дзень гульні не будзе магчымасці набыць квіткі ў касах арэны.

Таксама для наведання арэны трэба выконваць наступныя правілы: быць у масцы, сачыць за сацыяльнай дыстанцыяй у 1.5 метра і больш, карыстацца антысептыкамі. На ўваходзе гасцям трэба праверыць тэмпературу. Каб пазбегнуць рызык заражэння гледачы з тэмпературай цела вышэй за 37.0 не могуць знаходзіцца на арэне.