Адзіная Ліга ВТБ. Зеніт



Заўтра «Цмокі» сустракаюцца з лідарам Адзінай лігі ВТБ. Піцерскі «Зеніт» правёў «ударнае» міжсезонне і пакуль выглядае сур'ёзным прэтэндэнтам на фінал.

Міжсезонне
Прыйшлі: Дзяніс Захараў, Кевін Пангас, Артурас Гудайціс, Білі Бэран, Кей Сі Рыверс, Віталь Фрыдзон, Ігар Вольхін, Алекс Пойтрэс
Сышлі: Алекс Рэнфра, Антон Панкрашоў, Колтан Айверсан, Цім Абрамайціс, Яўген Крумкачыны, Эндру Альбісі, Сяргей Балашоў, Густава Аён

«Зеніт» прарабіў вялікую працу гэтым летам. Клуб не працягнуў супрацу адразу з 8 гульцамі, сярод якіх і дасведчаны цэнтравы Густава Аён, і французскі абаронца Эндру Альбісі. Навічкі клуба выглядаюць так: Кей Сі Рыверс з «Жальгірыса» Кевін Пангас з «Барселоны», Білі Бэран з «Црвены Звезды», Артурас Гудайціс з «Мілана» і Алекс Пойтрэс з «Галатасарая». З мясцовых гульцоў да каманды далучыліся Ігар Вольхін і Дзяніс Захараў. Гуляе ў складзе бела-блакітных і легендарны Віталь Фрыдзон, з якім пасля двух гадоў супрацы расстаўся «Лока».  Яшчэ адным цікавым падпісаннем выглядае прыход на пост спартовага дырэктара прэзідэнта грэчаскага «Панацінаікаса» Манаса Пападопалуса. У свой час ён даволі эфектыўна працаваў з Хаўерам Паскуалем.

У перадсезонцы «Зеніт» сыграў з «Пармай» і «Енісеем» і ЦСКА, а потым арганізаваў «Кубак Нявы», дзе заняў другое месца (прайграў ЦСКА ў напружанай канцоўцы). Усё гэта прынесла свае плады ў выглядзе 4 падрад перамог, у тым ліку ў Еўралізе.

Zenit

Ключавыя гульцы
Кей Сі Рыверс (#1). Экс-гулец літоўскага «Жальгірыса» уз'яднаўся са сваім былым трэнерам. Іх першае знаёмства адбылося ў 2016, калі Паскуаль кіраваў «Панацінаікасам», а абаронца стаў навабранцам клуба. Двойчы падрад «Панацінаікас» рабіўся чэмпіёнам краіны і ўладальнікам кубку. У сезоне 2016-17 амерыканец набіраў больш за 11 ачкоў у сярэднім за гульню ў турніры Еўралігі. Статыстыка ў папярэднім сезоне – амаль 10 ачкоў за матч. Мае пастаўлены трохачковы кідок і рэдка атакуе менш, чым з 40 % дакладнасці.

Матэвуш Панітка (#25). Наваспечаны капітан «Зеніту». Ён эфектыўны на абедзвюх паловах пляцоўкі, мае добры сярэдні і далёкі кідок, можа пазмагацца пад шчытамі. У мінулым сезоне яго сярэднія паказнікі ў Лізе ВТБ склалі 8.2 ачка, 4.1 падборы і 1.7 перадачы.

Кевін Пангас (#25). Калі б трэба было спыніцца толькі на адным гульцу «Зеніту», гэта пэўна быў бы канадскі разыгрываючы Кевін Пангас. Ён перабраўся ў Піцер з «Барселоны», дзе з-за пашкоджанняў не змог расчкрыцца на поўную моц У «Зеніце» ён прэтэндуе на ролю лідара, гульца, ад якога залежыць вынік. Канадзец ужо паспеў накідаць турэцкаму «Эфесу» 25 ачкоў і здзейсніць 7 падбораў. Але цалкам імаверна, што супраць «Цмокаў» трэнер вырашыць паберагчы гульца. Пакуль Панагас правёў у ВТБ толькі адну сустрэчу супраць «Калева». Калі так адбудзецца, рэкамендуем паглядзець іншыя матчы з яго ўдзелам. Гэты гулец умее ўражаць.

Piter

Галоўны трэнер
Яшчэ ў сярэдзіне мінулага Хаві Паскуаль змяніў на пасадзе галоўнага трэнера Жаана Плазу. Пасля правальнага сезону ў Еўралізе, калі Піцер быў у кроку ад вылету, перад трэнерам стаяць зразумелыя задачы. Некалькі матчаў пад кіраўніцтвам Паскуаля кажуць пра тое, што «Зеніт» у гэтым сезоне будзе змагацца за самыя высокія ўзнагароды не толькі ў Лізе ВТБ. Дый досвед у трэнера ёсць: у 2010 годзе ён выйграў Еўралігу з «Барселонай», таксама чатыры разы рабіўся чэмпіёнам Іспаніі, неаднаразова выйграваў Кубак і Суперкубак Іспаніі, перамагаў у чэмпіянаце і Кубку Грэцыі.

Stats

Турнірнае становішча
«Зеніт» - лідар Адзінай Лігі ВТБ. Бела-блакітныя здабылі 3 перамогі з трох магчымых. У тым ліку і ў матчы з «Хімкамі». Ні ў адной з іх падапечныя Паскуаля не стукнуліся з адменнымі праблемамі. Дадайце да гэтага перамогу над «Эфесам», і, здаецца, мінчукоў чакае першае вельмі сур'ёзнае выпрабаванне.

Матч «Зеніт» - «Цмокі-Мінск» пачнецца заўтра ў 17.00. Ліга ВТБ пакажа яго ў прамым эфіры.

Фота: бк «Зеніт»