Аляксандр Кудраўцаў: «Праз пару гадоў на паркеце павінен з'явіцца іншы Кудраўцаў»



- Саш, як адчуванні ад выхаду на паркет не ў статусе гульца?
- Хваляваўся. Практычна 20 гадоў, выходзячы на пляцоўку, не было ніякага хвалявання, адчуваўся толькі невялікі адрэналін. А ў суботу трошкі расхваляваўся. Гэтымі класнымі эмоцыямі буду жыць бліжэйшы час, так што вялікі дзякуй!

- Ці складана далося рашэнне скончыць прафесійную кар'еру?
- Не скажу, што яно далося складана. Я ішоў да гэтага даволі асэнсавана і апошні сезон праводзіў з думкамі, што хутчэй за ўсё ўлетку скончу прафесійную кар'еру. У цэлым, усё даецца лёгка, таму што я не пакінуў баскетбол, а працягваю працу ў гэтай сферы. Апроч таго, прымаю ўдзел ў розных турнірах. Так што мячык у мяне заўсёды ў машыне.

Вядома, спачатку трэба было прызнацца самаму сабе, а потым ужо казаць іншым. Многія мае знаёмыя не моцна верылі, што скончу, казалі: «У цябе ёсць яшчэ сілы – пабегай». Пэўна што, больш за ўсе не верыла жонка. Але я сказаў, што гэта рашэнне канчантковае.

- Твой сын займаецца баскетболам і ходзіць на матчы. Як ён адрэагаваў?
-Сказаў: «Ну нічога тата, праз пару гадоў на паркеце павінен з'явіцца іншы Кудраўцаў. Так што моцна не хвалюйся і не перажывай».

- Як табе новая «офісная» праца, не прымушала яшчэ задумацца пра трэнерства?
- Калі сумленна, то на дадзеным жыццёвым этапе праца трэнерам мяне не прыцягвае. Цяпер у мяне першы месяц таго, што ты завеш офіснай працай. Вядома, мог нічым не займацца і сядзець дома. Але я столькі гадоў у гэтай гульні, і мне хацелася быць карысным для беларускага баскетболу. З задавальненнем раблю гэту працу, хоць шмат нязвыклага.

- Што б хацеў сказаць заўзятарам, якія за цябе столькі гадоў перажывалі?
- Па-першае, хачу сказаць велізарны дзякуй клубу «Цмокі», усёй дружнай камандзе. Дзякуючы гэтым людзям я амаль палову прафесійнай кар'еры пачуваўся камфортна. Заўсёды ўсе пытанні вырашаліся. Не было ніякіх праблем нават у цяжкія часы. Дзякуй тым, хто стаяў ля вытокаў стварэння гэтага вялікага спартовага брэнда.

Учынкі клуба як сённяшні, дэманструюць вялікую баскетбольную культуру ўсёй арганізацыі. Шанаваць людзей, якія аддавалі свае сілы і здароўе на пляцоўцы проста за нумар і надпіс на спіне – гэта вельмі прыемна.

Ну а ўсім заўзятарам хачу сказаць: хадзіце на баскетбол, любіце яго! Без вас не было б усяго гэтага. І я рады бачыць, што вы тут, што аддаяце сваіх дзяцей у баскетбол, што заўзееце па тэлевізары, калі не можаце прыйсці. Працягвайце любіць баскетбол – гэта дакладна лепшая гульня з мячом.