Андрэй Рагазенка і Уладзіслаў Блізнюк у аснове



Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск падоўжыў сваю супрацу з маладымі абаронцамі Андрэем Рагазенкам і Уладзіславам Блізнюком. Кантракты складзены па сістэме 1+1.

Гэты год для Андрэя атрымаўся няпростым, бо з-за пашкоджання ён змушаны быў прапусціць значную частку сезону. У Адзінай Лізе ВТБ абаронца паспеў пайграць у 4 сустрэчах з сярэдняй статыстыкай 1.5 ачкі і 0.8 перадачы за 7.35 хвілін на пляцоўцы.

Уладзіслаў Блізнюк пачынаў сваю прадсезонную падрыхтоўку ў аснове, але, у выніку, адправіўся за гульнявой практыкай у рэзерв. У камандзе Георгія Кандрусевіча абаронца стаў лідарам на паркеце. У чэмпіянаце Беларусі Уладзіслаў правёў 17 сустрэч з сярэдняй статыстыкай у 17.6 ачкоў, 3.8 падборы і 5.1. перадач за 26.4 хвіліны. У NKL – 26 матчаў, са статыстыкай 15.3 ачкі, 2.9 падборы і 4.2 перадачы за 27 хвілін.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
«Выдатна, што выхаванцы нашай школы застаюцца ў камандзе. Стаўленне Андрэя да баскетболу, і яго працаздольнасць – прыклад для юных гульцоў, што якаснай працай можна дасягнуць шмат чаго. Веру, што Андрэй будзе баявой адзінкай для рашэння турнірных задач.

Што да Уладзя, то сваёй гульнёй у рэзервовай камандзе ён паказаў, што гатовы да наступнага кроку. Рады, што ён застаецца з намі».

Спадзяемся, што новы сезон складзецца ўдала для хлопцаў, і яны прадэманструюць свой патэнцыял.