Андрэй Стаброўскі зменіць рэзерв на аснову



Гулец рэзервовага складу «Цмокі-Мінск» Андрэй Стаброўскі з гэтага сезону будзе выступаць за асноўную каманду.

Андрэй правёў тры гады ў моладзевай камандзе «Цмокі-2», а апошнія два сезоны абараняў колеры рэзервовай каманды ў беларускім нацыянальным першынстве і нацыянальнай баскетбольнай лізе Літвы.  У сезоне 2018/2019 гулец правёў 22 матчы чэмпіянату краіны, у якіх адзначаўся ў сярэднім 8.2 ачкамі, 2.3 падборамі і 3.9 перадачамі.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
Андрэй – выхаванец нашай сістэмы. Ён выдатна праявіў сябе ў апошнія паўтара года ў складзе рэзервовай каманды: і на турніры ў Маскве, і ў гульнях літоўскага чэмпіянату.

Ужо на апошніх стадыях чэмпіянату мінулага году адчувалася, што ён дасягае ўзроўню лідара і асноўнага разыгрываючага. Той факт, што яго прыцягнулі ў зборную, радуе нас.

Спадзяёмся, што Андрэй гатовы зрабіць наступны крок і, ведаючы яго, упэўнены, усё атрымаецца.