Арцём Парахоўскі далучыўся да «Цмокаў»



Цэнтравы зборнай Беларусі Арцём Парахоўскі і баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» дамовіліся пра супрацу. Бакі падпісалі так званы «адкрыты кантракт». Гэта азначае, што ў выпадку атрымання больш цікавай прапановы гулец можа пакінуць клуб.

У юнацкасці Арцём граў за коледж Паўднёвага Айдаха і ўніверсітэт Радфард. У 2009 годзе цэнтравы вывеў Радфард у фінальную стадыю NCAA. Пры гэтым двойчы прызнаваўся лепшым гульцом у канферэнцыі Big South.

Сваю дарослую кар'еру Парахоўскі пачаў у рыжскім ВЭФе. Потым быў украінскі «Будзівельнік» «праездам» праз італьянскі «Канту». У 2012 годзе Арцём здзейсніў спробу трапіць у НБА праз кэмп у Лас-Вегасе, але ў выніку адправіўся ў Турцыю.
У кар'еры гульца былі таксама «Хапаэль» з Ерусаліма, «Ніжні Ноўгарад», 2 сезоны ў УНІКСе, «Макабі» і «Рытас». Сезон 2019/20 цэнтравы пачынаў у бялградскім «Партызане», але ў студзені перабраўся ў «СІГ Страсбург».

Новы гульнявы год Арцём пачаў у статусе вольнага агента і між іншым дапамог зборнай Беларусі перайграць Албанію і Кіпр і гарантаваць зборнай удзел у наступным раўндзе.

Падключэнне Парахоўскага да «Цмокі-Мінск» павінна стаць узмацненнем для каманды на групавым этапе Лігі Чэмпіёнаў. Нагадаем, наша каманда здабыла 2 перамогі ў 3 матчах і мае ўсе шанцы на трапленне ў плэй-оф.

Фота: ФІБА