Аснова павяла ў серыі



Першы матч фінальнай серыі ў Магілёве пачаўся роўнай гульнёй і праверкай, у каго мацнейшыя нервы: «Цмокаў» ці «Барысфена». У абедзвюх камандах адразу па 2 гульца набралі па 2 персанальныя заўвагі, а пара няўдалых атак мінчан дазволіла «Барысфену» захапіць лідарства – 22:18.

У наступным адрэзку госці дадалі: Дэвон Садлер набраў 10 ачкоў за чвэрць, пад кошам папрацаваў Саша Семянюк, знайшоў свой кідок Аляксей Трасцінецкі. Да вялікага перапынку мінчане мелі «+8».

А вось пасля 15-хвіліннай паўзы дадалі ўжо госці, зрабіўшы рывок 9-0 і адправіўшы мінчукоў на хвілінны перапынак. І зноў пацягнуў сваю каманду наперад, урываючыся ў фарбу суперніка, Дэвон Садлер. У нейкі момант на пляцоўцы пачаліся арэлі, але «Цмокі» пакінулі канец і гэтага адрэзку за сабой – 58:53.

Цяжка апісаць словамі напружанне на пляцоўцы і ў зале ў апошнія 10 хвілін гульні. А ледзь менш чым за тры хвіліны здарылася непапраўнае для «Барысфена»: галоўны скорар каманды Браян Стар ў змаганні за мяч атрымаў пашкоджанне і пакінуў пляцоўку з крыкамі. «Барысфен» спрабаваў вярнуцца ў гульню, але адыграць адставанне не змог – 64:76.

Дэвон Садлер набраў 25 ачкоў, а Аляксей Трасцінецкі адзначыўся дабл-даблам з 12 ачкоў і 15 падбораў.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
Сёння мы здзейснілі вельмі шмат страт. Напэўна, нервовасць першай гульні і атмасфера ў зале адбіліся. Апроч таго, вельмі шмат сталі кідаць з перыметра. Але маючы такую каласальную перавагу ўсярэдзіне, мы рана ці позна павінны былі яго рэалізаваць.

Гэта доўгая серыя, таму нічога сёння не адбылося, мы проста здабылі першую перамогу. А цяпер павінны думаць пра наступную гульню і рухацца далей.

«Цмокі» павялі ў серыі, але ўжо заўтра сітуацыя можа змяніцца. Другі матч залатой серыі пачнецца ў 18.00.

Барысфен - Цмокі-Мінск 64:76 (22-18, 10-21, 21-19, 18-11)
Цмокі-Мінск: Садлер (25), Трасцінецкі (12+15 падбораў), Мешчаракоў (2+5 асістаў), Вабішчэвіч (3) Семянюк (12+6 падбораў), Сарыкопулас (9+6 падбораў) Кудраўцаў (5), Раш (8+6 падбораў), Паляшчук (0).