Аўтадор. Прэв'ю да матчу



«Аўтадор» - баскетбольны клуб з Саратава, заснаваны ў 1960 годзе. За гэты час ён тройчы мяняў сваё імя: першапачатковае «Спартак» на «Аўтадарожнік», а потым у 1996 годзе на знаёмае нам «Аўтадор».

У Адзінай Лізе ВТБ клуб выступае з сезона 2014/15, а лепшае яго дасягненне – 5 месца рэгуляркі 2 гады таму.

У міжсезонне Саратаў пакінулі ўсе легіянеры і расіянін Арцём Забелін. Асновай новай каманды сталі маладыя айчынныя гульцы. Настолькі юныя, што 25-гадовы Аляксей Бабушкін стаў амаль ветэранам. На падмогу моладзі «Аўтадор» падпісаў семярых замежнікаў на чале з чэмпіёнам NCAA, экс-гульцом «Нью-Ёрк Нікс» і яго фарм-клубу «Уэстчэстар Нікс» Айзеям Хіксам.

Паспелі саратаўцы ўлетку падпісаць кантракт і з экс-«Цмокам» Дэвонам Садлерам, але ўжо да канца жніўня яго скасавалі. Так што амерыканец у Саратаў не прыехаў, а неўзабаве абвясціў пра завяршэнне кар'еры.

Кардынальныя змену ў складзе не прынеслі чаканага выніку і ўжо пад канец лістапада «Аўтадор» пайшоў на радыкальны крок, змяніўшы трэнера. Замест Яўгена Пашуціна каманду ўзначаліў харвацкі спецыяліст Прэдраг Круніч, які шмат гадоў працаваў у Германіі. Апошнія тры гады трэнер правёў у «Тэлекам Бон».

Пакінулі клуб і латыш Каспарс Берзіньш і Рэйвонтэ Райс. Абодва гульцы паспелі правесці ў Лізе ВТБ усяго па 2 сустрэчы. Пасля такіх перастаноў справы у каманды пайшлі лепш: Саратаў спыніў «Лока» і «Ніжні» і наблізіўся да зоны плэй-оф. Узыходжанне каманды Прэдрага Круніча спыніў «Зеніт», буйна перайграўшы суперніка на выездзе – 109:66. А пачатак года пачаўся з паразы ад УНІКСа (83:86), хоць пачалася гульня з рыўка 19-0 у выкананні Саратава. 

Як і ў большасці камандаў Лігі ВТБ у «Аўтадоры» царуе пяцёрка замежнікаў. Самым эфектыўным гульцом каманды, які ў 5 з 11 гульняў адзначаўся дабл-даблам, з'яўляецца французскі цэнтравы Мухамаду Жайтэ — 12.6 ачкоў, 10.2 падбораў і 18.5 балаў эфектыўнасці. Амерыканец Айзея Хікс дапамагае камандзе 13.8 ачкамі і 7.5 падборамі, а Элджын Кук з 16.5 ачкамі з'яўляецца самым рэзультатыўным гульцом. Маркел Старкс праводзіць на паркеце больш за 30 хвілін і з'яўляецца лепшым асістэнтам – 6.5 рэзультатыўных перадач. Не забудзем сказаць і пра Арланду Джонсана, які набірае ў сярэднім 14 ачкоў за гульню і з'яўляецца даволі ўніверсальным баскетбалістам. Праўда, гулец не з'яўляўся на паркеце з матчу супраць «Лакаматыва». Ці з'яўляецца Джонсан «ахвярай» ліміту на легіянераў, або прычыны крыюцца ў нечым яшчэ – не вядома.

У матчы з «Зенітам» правёў сваю першую гульню і амерыканскі абаронца Тобін Карбэры, які прапусціў старт сезона з-за частковага разрыву мышцаў сцягна. Гулец пакуль не можа пахваліцца добрай статыстыкай, але заўсёды гатоў падстрахаваць партнёраў.

З мясцовых гульцоў трэба спыніцца на фігуры Мікіты Міхайлоўскага. Ён адзіны з расіян, хто атрымлівае амаль 20 хвілін гульнявога часу, за які паспявае адзначыцца 6.6 ачкамі ў сярэднім. Ёсць у складзе «Аўтадора» і ветэран Андрэй Сепелеў. 46-гадовы гулец ёсць у заяўцы каманды, але яшчэ ні разу не выходзіў на паркет у матчах ВТБ.

Матч «Цмокі-Мінск» - «Аўтадор» пройдзе заўтра на Falcon Club Арэне ў 14.45. Квіткі шукайце на ticketpro.by.