Баскетбольнае свята ў Магілёве



У Магілёве на пляцоўцы спарткомплексу «Алімпіец» сустрэліся мясцовы «Барысфен» і змяшаная каманда «Цмокаў»: легіянеры з асновы і рэзерв, не выкліканы ў зборную.

Нягледзячы на таварыскі статус для абедзвюх каманд гэта гульня мела стратэгічнае значэнне: у Магілёва наперадзе Прома-кубак краін СНД, а «Цмокі» не мелі гульнявой практыкі з матчу Лігі ВТБ супраць «Зеніту».

Пачатак застаўся за гаспадарамі пляцоўкі. Але ўжо да канца чвэрці мінчукі выраўнялі гульню, а Глеб Паграбіцкі, трапіўшы з-за дугі, упершыню ў гэтай сустрэчы вывеў сваю каманду наперад.

У перапынку пасля першай чвэрці прайшоў конкурс трохачковых кідкоў. У мінчукоў удзел прымалі Уладзіслаў Блізнюк і Брыён Раш, у Магілёва – Браян Стар і Аляксандр Харкевіч. Наш амерыканец выйграў конкурс, трапіўшы 16 разоў з адной кропкі. На кідок ад яго адстаў Уладзіслаў Блізнюк.

Другая дзесяціхвілінка прайшла ў роўным змаганні і зноў ключавыя ачкі на апошняй хвіліне прынёс Глеб Паграбіцкі. У супернікаў нястрымным быў амерыканец Браян Стар.

У 15-хвіліннай паўзе Глеб Паграбіцкі, Аляксандр Капачоў і Вадзім Пракапенка паспаборнічалі ў кідках зверху. Глеб выйшаў у фінальную частку, аднак другі данк, які мог прынесці яму перамогу, не атрымаўся.

У другой палове сустрэчы змаганне працягнулася, ніводная з камандаў не аддавала ініцыятыву. Пры гэтым наш трэнерскі штаб спрабаваў розныя спалучэнні гульцоў на паркеце. Так, за 20 секундаў да канца трэцяй дзесяціхвілінкі на пляцоўцы апынулася 5 гульцоў рэзерву.

Усё вырашалася ў апошнім адрэзку, які застаўся за гаспадарамі пляцоўкі: крыху поспеху ў Магілёва і трохі, якія не паляцелі  ў Раша і «Барысфен» забірае такую важную для мясцовага заўзятара перамогу – 73:65 (22-23, 15-16, 15-17, 21-9).