Аляксандр Круцікаў і Ягор Мешчаракоў пакідаюць клуб



Кіраўніцтва баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» і трэнерскі штаб у асобе Аляксандра Круцікава і Ягора Мешчаракова прынялі рашэнне аб спыненні супрацоўніцтва.

Галоўным трэнерам «Цмокі-Мінск» стане Расціслаў Вергун. Яго асістэнтамі будуць Эдмундс Валейка і Войцэх Валіх.

Аляксандр Круцікаў ўзначаліў каманду на прыканцы сезону 16/17. І ўжо на наступны змог вывесці мінчан у плэй-оф Кубка ФІБА-Еўропа і пазмагацца за плэй-оф Адзінай Лігі ВТБ. Аднак, у гэтым годзе паўтарыць поспех не атрымалася: «Цмокі» не прайшлі ў другі групавы этап Кубку, а ў Лізе ВТБ атрымалі толькі 2 перамогі у 12 сустрэчах.

Старшыня клубу Юрый Іванавіч Шакола:

«У першую чаргу хачу падзякаваць Аляксандру Круцікаву за тую працу, якую ён зрабіў у «Цмоках» ў мінулым сезоне. Пад яго кіраўніцтвам каманда падарыла яркія перамогі ў Лізе ВТБ і плэй-оф Кубку ФІБА-Еўропа.

На жаль, вынікі, паказаныя ў гэтым сезоне, кажуць аб тым, што нам патрэбныя перамены. У выніку было прынята рашэнне аб спыненні супрацоўніцтва. Упэўнены, што гэта неабходныя меры, і яны пойдуць нам на карысць».

«Цмокі-Мінск» дзякуюць Аляксандру Круцікаву за працу і дасягнутыя пад яго кіраўніцтвам вынікі. Жадаем яму поспехаў у далейшай кар'еры.