Беларускія каманды ў плэй-оф



У пятніцу, яшчэ да афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў, на Palova Арэну выйшлі баскетбалісты 3х3. Першымі на пляцоўцы з'явіліся нашы дзяўчыны. У матчы з італьянкамі падапечныя Юр'я Ваўка проста не пакінулі ніякіх шанцаў суперніцам, здабыўшы датэрміновую разгромную перамогу 21:7.

Гулец жаночай зборнай Беларусі Анастасія Сушчык так пракаментавала гэту перамогу прэс-службе Беларускай федэрацыі баскетболу:
Перад выхадам на пляцоўку адчувалі невялікае хваляванне, што, лічу, цалкам нармальна для такога буйнага турніру. Тым больш, мы гуляем дома, таму вельмі хацелі парадаваць перамогай родных заўзятараў. Лічу, нядрэнна пачалі свой спаборніцкі шлях, аднак нам патрэбна прарабіць яшчэ шмат працы ў астатніх сустрэчах, каб выйсці з групы, а потым пазмагацца за самыя высокія месцы.

Беларускім мужчынам у супернікі дасталася каманда Славеніі, якая паспела пагрымець на чэленджары ў Харватыі, абгуляўшы ў паўфінале самую моцную каманду ў свеце - сербскі «Новы сад».

Матч з славенцамі атрымаўся напружаным. Абедзве каманды дэманстравалі выдатную абарону, з чаго выцякала безвыніковае нападзенне. І ўсё ж у патрэбны момант Максім Лютыч справакаваў парушэнне правілаў з боку суперніка і рэалізаваў 2 вельмі патрэбныя штрафныя кідкі. А Мікіта Мешчаракоў дазволіў мінчукам умацаваць сваё становішча – 15:10.

Гулец мужчынскай зборнай Беларусі Мікіта Мешчаракоў:
З нецярпеннем чакалі выйсця на пляцоўку і ўвесь дзень наладжваліся на матч як на бой. Лёгкае хваляванне, вядома, было, але даслоўна пасля першай хвіліны гульні яно знікла, і мы былі сканцэнтраваны толькі на дзеяннях на паркеце. Лічу, здабыць перамогу над славенцамі нам дапамагла слушна абраная тактыка. Імкнуліся дзеяць актыўна і хутка, каб супернік «падсеў» па ходу сустрэчы. План спрацаваў, і мы выйгралі.

Субота была вырашальнай для жаночай зборнай краіны. У другім матчы групавога этапу ім супрацьстаяў куды больш грозны супернік з Расіі. Нашы дзяўчыны доўга знаходзіліся ў ролі тых, хто даганяе. Толькі за хвіліну да канца Наталля Дашкевіч зраўнала лік двума дакладнымі штрафнымі, а потым Дар'я Магаляс упершыню ў гэтай сустрэчы вывела зборную Беларусі наперад. На апошніх 25 секундах сустрэчы Наталля Дашкевіч забіла 2 падрад двухачковых і прынесла нашай зборнай перамогу - 21:16!

Да апошняга матча беларускі падышлі з невялікай страхоўкай: ім можна было прайграць сербкам пры ўмове набору прынамсі 7 ачкоў. Пачатак гульні ў нашай зборнай ізноў не задаўся, але ўжо да сярэдзіны сустрэчы здавалася, што дзяўчыны змаглі выраўняць гульню. Аднак, перабор камандных заўваг дазволіў сербкам падыходзіць да лініі штрафу пасля кожнай заўвагі. Беларускі паспрабавалі адыграцца з «-4», але суперніцы былі дакладныя здалёк. Як вынік - 15:21 не на нашу карысць.

Зрэшты, гэта параза не перашкодзіла зборнай Беларусі выйсці ў плэй-оф з першага месца ў групе з 2 перамогамі ў актыве. Супернікам дзяўчын стане зборная Галандыі, што стала другой у сваёй групе. Матч пройдзе ў панядзелак і пачнецца ў 13:00.

Мужчыны разыгрывалі пуцёўку ў плэй-оф на наступны дзень, Першым супернікам для зборнай Беларусі сталі прадстаўнікі Літвы. Нашы хлопцы паспрабавалі навязаць апанентам свой тэмп і цвёрда дзеяць у абароне, але гэта прывяло да хуткага набору камандах заўваг. Дадайце да гэтага катастрафічны адсотак трапленняў з-за дугі (адзіны дакладны двухачковы кідок нашы хлопцы здзейснілі на апошніх секундах сустрэчы) і зборная Беларусі атрымала першую паразу на турніры - 13:19.

Для падапечных Калтунова ўсё вырашалася ў матчы з эстонцамі. Беларусы кінуліся наперад з першых хвілін сустрэчы: гэта Сяргей Вабішчэвіч у процівагу папярэдняй сустрэчы двойчы быў дакладны з-за дугі. За 2 хвіліны гульнявога часу наша каманда набрала 9 ачкоў, адарваўшыся ад сваіх супернікаў на прыстойную адлегласць.

І ўсё ж беларусы прымусілі заўзятараў панервавацца дазволіўшы суперніку ў адзін момант скараціць адставанне. На шчасце, Андрэй Рагазенка забіў штрафны і датэрмінова завяршыў матч - 21:14!

Мужчынская зборная Беларусі выйшла ў плэй-оф з другога месца ў групе. У чвэрцьфінале яна згуляе з камандай Сербіі. Матч пройдзе ў панядзелак і пачнецца ў 13:50.