«Цмокі» не змаглі дагнаць «Хімкі»



Сённяшнюю гульню трэнерскі штаб мінчукоў на чале з Расціславам Вергуном пачаў пяцёркай Садлер-Мешчаракоў-Лютыч-Сарыкопулас-Раш. Дарэчы, для амерыканскага абаронцы гэта было першае з'яўленне ў якасці гульца старту.

«Хімкі» ўпэўнена пачалі сустрэчу, прымусіўшы беларускага трэнера ўзяць тайм-аўт ўжо на другой хвіліне сустрэчы. Паўза спрацавала: беларусы зраўнялі лік, а два запар дакладныя кідкі з-за дугі Віталя Лютыча вывелі мінчан наперад.

«Цмокі» здолелі ўтрымаць невялікую перавагу і сышлі на першы перапынак у статусе лідара – 19:18.

Другая дзесяціхвілінка пачалася для мінчукоў не самым ўдалымі чынам - 4 ачкі за 6 хвілін. Ратавала сітуацыю, што ў «Хімак» да гэтага моманту было ўжо 4 камандных заўвагі, чым неадкладна скарыстаўся Віталь Лютыч.

«Хімкі» працягвалі прайграваць падбор, але наша каманда не магла скарыстацца сітуацыяй, здзейсніўшы да вялікага перапынку 11 страт. Магчыма, менавіта гэты кампанент стаў ключавым у гульні з падмаскоўнай камандай. Адбівалася і даўжыня лаўкі: за 20 хвілін гульні на пляцоўцы паспелі з пераменным поспехам з'явіцца ўсе 10 гульцоў.

Пасля вялікага перапынку «Цмокі» здзейснілі міні-рывок 4-0, зраўняўшы лік і адправіўшы гаспадароў на хвілінную паўзу. На жаль, для нашай каманды, далей гульня пайшла па сцэнары хімчан. Спачатку 3 запар няўдалых атакі вымусілі цяпер ужо Расціслава Вергуна звярнуцца да тайм-аўту, а да сярэдзіны чвэрці наша каманда сабрала прабіўную колькасць камандных заўваг.

Заключны адрэзак стаў безвыніковым для абедзвюх каманд. За чатыры хвіліны гульні супернікі здзейснілі па аднаму дакладнаму кідку. І ўсё ж «Хімкі» атрымалі перамогу і ў гэтай дзесяціхвілінцы, выйграўшы сустрэчу з выніковымі 70:50.

Лепшым у складзе «Цмокаў» стаў Віталь Лютыч – 15 ачкоў, а Зісіс Сарыкопулас зрабіў дабл-дабл з 12 ачкоў і 10 падбораў.

Хімкі – Цмокі-Мінск - 50:70 (19-18, 11-16, 10-22, 10-14)
Цмокі-Мінск: Садлер (12+6 асістаў), Сітнік (2), Трасцінецкі (2), Мешчаракоў (2), Лютыч (15), Сарыкопулас (12+10 падбораў), Кудраўцаў (0), Раш (2), Паляшчук (3), Вабішчэвіч (0).