«Цмокі-Мінск» наведалі дзіцячы гарадок



На днях каманда Расціслава Вергуна схадзіла ў госці ў дзіцячы гарадок Ленінскага раёна. Калі вы ніколі не чулі такое словазлучэнне, то распавядаем. Дзіцячым гарадком называюць даволі незвычайную мадэль жыццеўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Тут усе абавязкі па выхаванні дзяцей выконваюць бацькі-выхавальнікі. Як яны самі кажуць «працуюць мамамі» (больш дэталёва пра дзіцячае мястэчка можна прачытаць на іх сайце).

«Цмокі» задумвалі такі візіт даўно, але ў сілу графіка рэалізаваць ідэю атрымалася ў першыя дні зімы. Гульцы асноўнай каманды і трэнерскі штаб прыйшлі не толькі з падарункамі, але і жаданнем падзяліцца цяплом з выхаванцамі гарадку.

Пад час сустрэчы дзеці даведаліся трошкі больш пра наш клуб і змаглі задаць цікавыя пытанні, з якіх высветлілася, што Роберт Лоўры не баіцца зімы, бо і сам родам не з самых цёплых штатаў. Максім Салаш распавёў пра тое, што ў дзяцінстве займаўся яшчэ і футболам, а цяпер ён самы высокі гулец нашай каманды. Уладзімір Верамеенка адказаў на пытанне «як часта ён хацеў усё кінуць». А «галоўны камандзір», як яго назвала адна з дзяўчынак у зале, Расціслаў Вяргун падзяліўся марай пра тое, што калі ў Беларусі будзе такая колькасць моцных мясцовых гульцоў, што не трэба будзе запрашаць легіянераў (і папрасіў не перакладаць гэта замежнікам).

Дзеткі атрымалі ад клуба памятныя прызы, змаглі патанчыць з маскотам «Цмокам» і сфатаграфавацца з гульцамі. Застанецца ў дзяцей на памяць пра «Цмокаў» стол для малявання пяском і паход на бліжэйшы хатні матч.

Пасля сканчэння «афіцыйнай» часткі імпрэзы гульцы разышліся па кватэрах, дзе жывуць «сем'і», і змаглі пагутарыць у больш нефармальным становішчы. Ну, а як усё гэта было, глядзіце ў нашым відэа:


Падзяка ад дзетак прыляцела да нас сёння:

Tsmoki