Дазваляем ЦСКА увезці буйную перамогу



Маскоўская каманда прыляцела ў Мінск адразу пасля матчу Еўралігі супраць «Барселоны». У адрозненні ад гульні ў Іспаніі ў сённяшнім ростеры не было Атэла Хантера, а замест Кулагіна на пляцоўцы з'явіўся Андрэй Варанцэвіч.

У «Цмокаў» у складзе з'явіўся Антон Вашкевіч. А вось Аляксандр Семянюк яшчэ прапускае матчы з-за пашкоджання.

Як і ў матчы з «Хімкамі» мінчане выдалі нядрэнную стартавую чвэрць: рухалі мяч, абараняліся, адпрацоўвалі пад шчытамі. І толькі базер Даніэла Хэкета дазволіў суперніку сысці на першы перапынак з «+7».

Пры гэтым у мінчан зусім не ляцела з-за дугі: у першай палове «Цмокі» 11 разоў кідалі з трохачковай лініі, патрапіўшы толькі аднойчы. Для параўнання армейцы здзейснілі 9 кідкоў, з якіх дакладнымі былі 5.

Дадайце да гэтага той факт, што наша каманда толькі 2 разы здзяйсняла штрафныя кідкі, пры 14 у ЦСКА, і атрымаеце 27:43 да вялікага перапынку.

У другой палове сустрэчы гаспадары не змаглі сабрацца і паказаць камандную гульню. Усё часцей мінчане скатваліся на індывідуальныя дзеянні, што прыводзіла да вялікай колькасці памылак і страт. Калі ў першай палове каманда здзейсніла 45 страт, то пасля 15-хвіліннага перапынку 14. Праўда ёсць і пазітыўныя моманты: «Цмокі» змаглі выйграць падбор на чужым шчыце - 16 супраць 3 у суперніка.

61: 101 і праз тыдзень «Цмокі» прымаюць дома казанскі УНІКС.

Лепшым у складзе «Цмокаў» стаў Віталь Лютыч, які набраў 19 ачкоў. У Зісіса Сарыкопуласа і Аляксандра Кудраўцава па 9 пунктаў.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вергун:

«Супернік гуляў сёння вельмі якасна, паказаўшы высокі адсотак трапленняў. Мы, у сваю чаргу, дапусцілі занадта шмат ментальных памылак. Памылак, за якія давялося плаціць занадта дорага. Дазволілі забіць ім шмат лёгкіх ачкоў. Не рэалізавалі свае свабодныя атакі. У нейкі момант нехта стаў дагульваць, замест таго каб гуляць і змагацца. Гульня ператварылася ў снежны ком, які пакаціўся ўніз.»

Галоўны трэнер ЦСКА Дзімітрыс Ітудзіс:

«Думаю, мы гулялі вельмі сур'ёзна, таму віншую хлопцаў. Мы былі сур'ёзныя і ў абароне, і ў нападзе. Лік сур'ёзны. Так што яшчэ раз віншаванні маёй камандзе за добрую аддачу ў гульні.»

Цмокі-Мінск - ЦСКА 61: 101 (16-23, 11-20, 15-28, 19-30).
Цмокі-Мінск: Садлер (6 + 5 асістаў), Сітнік (2), Трасцінецкі (2), Мешчаракоў (5), Лютыч (19), Вашкевіч (0), Сарыкопулас (9), Кудраўцаў (9), Раш (5 ), Паляшчук (4), Вабішчэвіч (0).