Дэбют Кука і перамога над адным з лідараў турніру



«Цмокі-Мінск» - «Ніжні Ноўгарад» - 77:76 (12-22, 25-17, 25-17, 15-20)
Самыя рэзультатыўныя:
«Цмокі-Мінск»: Роберт Лоўры (27 + 5 падбораў), Томс Лейманіс (15), Дэрэк Кук (10 + 11 падбораў).
«Ніжні Ноўгарад»: Арцём Камолаў (24), Яўген Бабурын (15 + 6 перадач), Кэйсі Шэпард (14).

Лік сустрэчы «Цмокі» - «Ніжні Ноўгарад» адкрыў навічок мінчан Дэрэк Кук. Але дакладныя далёкія кідкі Арцёма Камолава, Яўгена Бабурына і Люка Петросека (НН трапіў 6 з 7) дазволілі гасцям завалодаць двухзначнай перавагай ужо ў першай чвэрці. «Ніжні» шмат атакаваў з перыметра, пры гэтым не даючы аналагічную магчымасць для мінчан, як бы запрашаючы суперніка «прайсці ў фарбу». Яно і зразумела, каманды Лігі ведаюць пра праблемы з вялікімі ў шэрагах «Цмокаў». Але здаецца, Дэрэк Кук можа ўсё выправіць.

У другой дзесяціхвілінцы мінчане зрабілі сапраўдны камбэк: спачатку рывок 7-0 вымусіў Зорана Лукіча ўзяць тайм-аўт, а потым два далёкія з перыметра Томса Лейманіса дазволілі скараціць адставанне да «-2». НН не чакаў, што за 20 хвілін гаспадары і падбор выйграюць (20 супраць 12), і з «фарбы» набяруць (30 супраць 12).

Старт другой паловы гульні застаўся за «Цмокамі»: тры ачкі Бенджаміна Дуду ўпершыню ў гэтай сустрэчы вывелі наперад, а рывок 16-3 вымусіў нервавацца ўжо НН. Толькі дзякуючы трапленням з фолам Кэйсі Шэпарда і Аляксандра Ганькевіча і рыўка 8:0 гаспадары вярнуліся ў гульню.

За 3 хвіліны пасля 3-ачковага Аляксандра Пустагвара «Цмокі» адарваліся на 8 пунктаў, але ўдалы адрэзак НН у абароне і рэзультатыўныя кідкі Шэпарда і Бабурына дапамаглі валжанам перавесці матч у канцоўку. За хвіліну да канца Роб Лоўры зрабіў лік на табло 77:70, але страты мінчан ледзь не падарылі шанец суперніку. На шчасце, Кэйсі Шэпард быў не дакладны.

Роберт Лоўры стаў самым рэзультатыўным гульцом сустрэчы: 18 з 27 ачкоў давяліся на другую палову. Лоўры забіваў у самыя адказныя моманты, а 7 страт разыгрываючы кампенсаваў 9 з 11 з гульні і 6 з 6 з лініі.

stats

Галоўны трэнер «Ніжняга Ноўгарада» Зоран Лукіч
«Віншую «Цмокі» з перамогай.
Сёння вы маглі бачыць дзве розныя паловы гульні. Першую кантралявалі мы, а ў другі ініцыятыву забраў супернік. Ведаеце, калі ў другой палове вы робіце шмат памылак, то было б несправядліва для гаспадароў прайграць у апошнім кідку. Хоць я б хацеў, каб мае гульцы трапілі.

Мы далі шанец маладым гульцам у самым пачатку, але яны шмат што зрабілі не так, як ад іх патрабавалася. Дазвалялі суперніку за 15 секундаў рабіць рывок «+5». Гэта недапушчальна. Шмат памылак здзейсніў Шэпард. Ёсць адчуванне, што нават больш, чым зафіксавана ў пратаколе. Так што гэта заслужаная перамога Мінска».

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
«Мы гулялі супраць вельмі арганізаванай каманды. Яны добра абароняюцца і ствараюць шмат руху. У першай палове мы гулялі недазвольна дрэнна, што прывяло да такога адрыву. Вельмі рады, што хлопцы змаглі перабудавацца і сталі гуляць стражэйша ў абароне, падцягнуўся напад. Вядома, 20 страт гэта вельмі шмат, таму гульня да канца была роўнай і трымала ўсіх у напрузе.
Нам трэба прыбраць правалы ў абароне, навучыцца адказваць за мяч і прыйсці хаця б да 12 страт за гульню».

Наступная гульня «Цмокі-Мінск» адбудзецца 17 студзеня ў 15.00. У госці прыедзеце «Зялёная Гура».