Другая перамога ў Магілёве



Матч «Барысфен» - «Цмокі-Мінск» пачаўся для магілёўскіх аматараў баскетболу непрыемнай навінай: пашкоджанне Браяна Стара, атрыманае ў папярэднім матчы, не дазволіць амерыканцу дагуляць сезон. Але каманда працягвала сваё змаганне нават у адсутнасць лідара.

Гульня пачалася неўзаемным міні-рыўком гасцей 5-0. «Цмокі» актыўна прэсінгавалі суперніка па ўсёй пляцоўцы, нейкі час не дазваляючы наблізіцца ў ліку. Аднак, на старце другой чвэрці гаспадары выдалі нядрэнны адрэзак, у якім Бенджамін Дуду трохай зраўняў лік, а Аляксандр Харкевіч упершыню ў гэтай сустрэчы вывеў сваю каманду наперад. Праўда, роўна да наступнай атакі мінчан. Для нашай каманды другая дзесяціхвілінка адзначылася трапленнямі з перыметра: 5 з 6 далёкіх кідкоў «Цмокаў» трапілі дакладна ў кош «рыцараў». Да вялікага перапынку мінчане мелі 12 ачкоў перавагі.

Другая палова сустрэчы пачалася з паспяховых дзеянняў магілёўскай каманды: Арцём Малькоў і Вадзім Пракапенка набралі ачкі з «фарбы». «Барысфен» скараціў адставанне, але ў цэлым адрэзак атрымаўся крайне безвыніковым для абедзвюх камандаў. Праўда, «Цмокі» страцілі Зісіса Сарыкопуласа, які адправіўся на лаўку з пяццю персанальнымі заўвагамі.

Апошняя чвэрць пачалася рыўком гасцей і чацвёртым, а потым і пятым персанальным для Сашы Семянюка. У такой сітуацыі Расціслаў Вяргун змушаны быў выпусціць на пазіцыю цэнтра Дзмітрыя Паляшчука. Нягледзячы на сітуацыю, што склалася, напружанай канцоўкі не атрымалася: адыграць двухзначнае адставанне за паўтары хвіліны ў Магілёва не атрымалася. 69:89 і лік у серыі робіцца 2-0.

Дэвон Садлер набраў 23 ачкі. 17 ачкоў і 5 падбораў на ліку Аляксандра Семянюка.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
Мне здаецца, што сёння без Стара «Барысфен» граў у больш камандны баскетбол. А вось нам гэтага бракавала. Дэвон браў на сябе вельмі шмат увагі, і бракавала руху мяча. У Магілёва наадварот усе людзі былі задзейнічаны, бо на пляцоўцы не было яўнага лідара. І атрымалася такая добрая камандная гульня.

Што ж залатая серыя пераязджае ў Мінск. Трэцяя гульня адбудзецца ў суботу, у 16.00.

Барысфен - Цмокі-Мінск 69:89 (22-27, 20-27, 16-14, 11-21)
Цмокі-Мінск:
Садлер (23 +5 асістаў), Трасцінецкі (10+4 падборы), Мешчаракоў (8+4 асісты), Вабішчэвіч (0) Семянюк (17+5 падбораў), Сарыкопулас (6), Кудраўцаў (10), Раш (13+6 падбораў), Паляшчук (2).