Другая перамога запар



Самыя рэзультатыўныя
«Цмокі-Мінск»: Бранка Міркавіч (25+8 асістаў), Максім Салаш (20)
«Дняпро»: Максім Закурдаеў (17+5 падбораў), Станіслаў Цімафеенка (16+5 падбораў).

Другі матч групавога этапу Кубку ФІБА супраць украінскага «Дняпра» наша каманда пачала больш чым упэўнена. Заўзятары змаглі ўбачыць і класныя кідкі з дугі ад Бранка Міркавіча, праходы Дамінэза Барнэта і якасную працу пад кошам нашых цэнтравых Алекса Гаўрылавіча і Уладзіміра Верамеенкі.

Упэўненасць каманды Расціслава Вергуна, здавалася, прымусіла суперніка страціць канцэнтрацыю. Ды так, што дасведчаны Кірыл Фясенка здзейсніў прабежку, яго каманда 8 разоў страціла мяч, а адзіны легіянер у складзе атрымаў 3 персанальныя заўвагі.

Дарэчы, пра нашага капітана! Бранка за першую палову зрабіў 5 рэзультатыўных трохачковых кідкоў. Гаспадары выдалі рэзультатыўную палову, набраўшы 55 ачкоў, тады як супернік адзначыўся 37 пунктамі.

У другой частцы гульні праблемы з канцэнтрацыяй паўсталі ўжо ў нас. Пару разоў страцілі Фясенку пад кошам, дазволілі здзейсніць дакладныя далёкія кідкі Сізову, а галоўнае, далі выключыць з гульні Міркавіча, і вось ужо ад перавагі ў 20 ачкоў засталося толькі «+2».

За 3.57 да канца сустрэчы Максім Закурдаеў трапіў з дугі і ўпершыню ў гэтай гульні вывеў «Дняпро» наперад. Пачаліся арэлі, вынікам якіх стаў роўны лік на табло. Джамар Абрамс мог не пераводзіць гульню ў авертайм, але ў гульца зусім не ішоў кідок з далёкай дыстанцыі.

Наперадзе заўзятараў чакала нярвовая канцоўка ў выглядзе авертайма, адным з герояў якога стаў Бранка Міркавіч. Капітан у важны момант трапіў з дугі і адправіў «Дняпро» на хвілінную паўзу з «-4» на табло. Дзяніс Жураўлёў пайшоў "ва-банк" і даў каманду «фаліць», але гэта не спрацавала. 108:101 і мінчане зарабляюць цяжкія пераможныя ачкі.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
На жаль, дазволілі суперніку за невялікі прамежак у другой палове набраць 28 ачкоў. Далі іх снайперам адчуць сябе ўпэўнена. І самі стварылі сабе кучу цяжкасцяў. Але ў канцоўцы каманда прадэманстравала майстэрства і ўменне выйсці са складанай сітуацыі. Спадзяюся, што мы атрымалі ўрок у гэтай гульні і надалей нам гэта дапаможа.

Галоўны трэнер «Дняпра» Дзяніс Жураўлёў:
Першае, што сёння не атрымвалася гэта абарона. Не змаглі спыніць Міркавіча ў першай палове. У другой - гульня пайшла лепш, сталі якасна абараняцца. А адгэтуль і нападзенне: хуткія атакі і лёгкія ачкі. Удзячны камандзе за другую палову. Яны не апусцілі галаву, не злажылі рукі і вярнуліся ў гульню. У авертайме нам не павезла - тры падборы каштавалі нам усёй гульні.

Наступны матч «Цмокаў» адбудзецца роўна праз тыдзень: мінчане адправяцца ў госці да «Кіеў-Баскету».

«Цмокі-Мінск» - «Дняпро» (28-17, 27-20, 21-29, 17-27, 15-8)
«Цмокі-Мінск»: Барнэт (14+5 падбораў +5 асістаў), Лоўры (11 +7 падбораў +7 асістаў), Трасцінецкі (10+3 падборы +3 асісты), Салаш (20+3 падборы), Белянкоў (3), Міркавіч (25+4 падборы +8 асістаў), Верамеенка (4+3 падборы), Гаўрылавіч (6), Абрамс (12+5 падбораў +3 асісты), Лютыч В (3)