Дзень святога Валянціна!



У самае рамантычнае свята лютага гульцы і трэнеры «Цмокі» падзяліліся сваімі гісторыямі пра каханне. У некага пацешныя, у некага мілыя, а ў каго самыя што ні ёсць рамантычныя.

Кірыл Сітнік, гулец асноўнай каманды «Цмокі-Мінск»:
Калі быў маленькім у класе 4, закахаўся ў аднакласніцу. Яе звалі Маша.  Яна сядзела спераду за партай, а я спрабаваў намаляваць яе партрэт, каб спадабацца. Чым усё скончылася? А чым можа скончыцца каханне, калі ты не ўмееш маляваць.  

Віталь Лютыч, гулец асноўнай каманды «Цмокі-Мінск»:
У мяне няма асаблівай гісторыі. Так атрымалася, што тую, якую тузаў у школе за косы, праз некалькі гадоў стала маёй жонкай. Аднойчы, пасля трэніроўкі, якая скончылася ў 9, купіў кветкі, падарунак і паехаў у Бярозу. А гэта 250 кіламетраў ад Мінска. Назад трэба было выехаць у 6 раніцы, каб паспець да ранішняй трэніроўкі.

Эдмундс Валейка, асістэнт трэнера асноўнай каманды «Цмокі-Мінск»:
У дзяцінстве я займаўся бальнымі танцамі і мне вельмі падабалася мая партнёрка. Аднойчы мы вярталіся дахаты з нацыянальных спаборніцтваў і па дарозе паслізнуліся і зваліліся. У гэты момант у мне атрымалася яе пацалаваць. Праўда, працягу ў гэтай гісторыі няма, бо перад танцамі я аддаў перавагу баскетболу.

Іван Аладка, капітан рэзервовай каманды «Цмокі-Мінск»:
У дзіцячым садочку мне вельмі падабалася дзяўчынка Лера. А я падабаўся таксама Леры, але іншай. І вось мы рыхтавалі навагодні ранішнік, і я вельмі хацеў граць сцэнку з адной Лерай, а мяне ставяць з другой. Атрымалася, што мы гулялі ў розных сцэнках, і я гуляў з адной дзяўчынкай, а глядзеў на другую. У мяне нават фатаграфія з таго часу захавалася. А потым гэта Лера кудысьці з'ехала і каханне скончылася.
Aladko

Яўгенія Сцяпанава, капітан жаночай каманды «Цмокі-Мінск»:
У мяне ўсе гісторыі звязаныя з маім хлопцам. Раскажу трохі:

Неяк мы з'ехалі на гульню з Алімпіяй» у Гродна. У дзень гульні, прачнуўшыся, тэлефаную свайму хлопцу. Ён кажа, што збіраецца ехаць у футбол пагуляць. Я пажадала добра прабавіць час, ён пажадаў поспеху ў матчы і да гульні мы ўжо не стэлефаноўваліся. Выехалі на гульню, заходзім у залу, пачынаецца размінка і праз пару хвілін у дзвярах з'яўляецца мой хлопец. Было вельмі прыемна і люба з яго боку.

Дзень народзінаў у мяне 10 мая, а 9 мая я заўсёды хаджу ў горад салют глядзець. І вось вырашылі мы схадзіць разам. Выходзім з кватэры на вуліцу і тут ён кажа, што забыўся дома тэлефон. Я крыху псіханула і стаяла чакала каля пад'езда. Паглядзелі салют вяртаемся да хаты, а ўжо 00.06 (па яго плане павінны былі роўна зайсці ў 00.00 дахаты) заходзім у кватэру, адкрываю пакой, а там раскіданы шмат шарыкаў, руж і падарунак. Было гэтак жа нечакана і прыемна.

Ну а яшчэ ў дадатак у нас ёсць шмат розных такіх мілых рэчаў супольных, шмат паштовак, зробленых сваімі рукамі не толькі ад мяне, але і ад яго.
Stsiapanava