Дзяўчыны падтрымалі пераможны настрой



«Цмокі-Мінск» - «БДУ-Цмокі» - 84:76 (22-20, 18-19, 24-16, 20-21)
Самыя рэзультатыўныя
«Цмокі-Мінск»: Брытні Джонс (30+8 перадач +4 падборы), Ала Мураўская (21 +11 падбораў), Ксенія Вабішчэвіч (18 +3 падборы +3 перадачы)
«БДУ-Цмокі»: Наталля Дашкевіч (21+4 падборы), Дар'я Магаляс (15+5 перадач)

Жаночыя каманды «Цмокаў» выдалі яркае змаганне на паркеце ў нядзельным матчы. Мацнейшымі апынуліся намінальныя гаспадыні пад кіраўніцтвам Андрэя Ваўлева.

У першай палове сустрэчы суперніцы дэманстравалі роўнае змаганне і да вялікага перапынку падышлі практычна з роўным лікам - 40:39.

Ключавой у гэтай гульні магла стаць трэцяя дзесяціхвілінка. Ксенія Вабішчэвіч набрала 5 неўзаемных ачкоў запар і дазволіла сваёй камандзе ўцячы на адлегласці 8 пунктаў. Вольга Падабед адрэагавала на гэта хвілінным перапынкам, але гэта не дапамагло. «Цмокі» добра працавалі ў абароне, а парачка дакладных кідкоў з перыметра павялічылі адрыў да 16. І толькі высілкамі Дар'і Магаляс, якая двойчы патрапіла з дугі, БДУ атрымалася скараціць адставанне да «-9».

Апошні адрэзак падапечныя Падабед пачалі рыўком 10-0 і роўным лікам. Суперніцы пачыналі ўсе спачатку. За 2.5 хвіліны да канца ўсё яшчэ абедзве каманды мелі шанцы на перамогу, але 4 ачкі Брытні Джонс і завяршальны кідок з кароткай дыстанцыі Алы Мураўскай дазволіў больш дасведчаным «Цмокам» выдраць перамогу.

Статыстыка матча