Дзяўчыны паляцелі ў Краснаярск



Серада – няпросты дзень для «Цмокаў». Мужчынская і жаночая каманды правядуць свае чарговыя матчы ў Кубку ФІБА-Еўропа. Але калі мужчынская каманда гуляе дома, то дзяўчыны адправіліся на ўсход Расіі ў халодны Краснаярск.

Заўтра ў 15.30 па мінскім часе наша каманда пачне гульню з лідарам сваёй групы «Енісеем». Каманда Вольгі Шунейкінай пакуль не прайграла ніводнай сустрэчы і гарантавала сабе траплянне ў наступны этап. Адзінае, што застаецца важным для нашых суперніц – скарыстацца магчымасцю прамога траплення ў топ-16. Для гэтага ім трэба апынуцца ў 8 мацнейшых па выніках групавога этапу. У адваротным выпадку яны трапяць у першы раўнд плэй-офа.

Нашай камандзе для захавання шанцу на наступны раўнд трэба здабыць перамогі ў астатніх дзвюх сустрэчах. «Цмокі» усё адно не падымуцца вышэй за 3 месца, але па правілах ФІБА 4 лепшыя каманды, што занялі 3 радок, кваліфікуюцца ў плэй-оф.

Вяртаючыся да «Енісея» адзначым, што нягледзячы на лідарскія пазіцыі на міжнароднай арэне, справы ў чэмпіянаце Расіі ідуць куды горш. У краснаярскай каманды толькі 1 перамога ў 7 сустрэчах і 6 радок у турнірнай табліцы.

З кубкавай статыстыкай гульцоў «Енісея» можна азнаёміцца на сайце турніру.

Матч «Енісей» - «Цмокі» пачнецца заўтра ў 15.30 па мінскім часе. Прамую трансляцыю шукайце на youtube-канале ФІБА.