ЕЖБЛ: Фінал Чатырох



Заўтра ў 17.00 «Цмокі-Мінск» і «Растоў-Дон-ЮФУ» згуляюць свой першы матч у Фінале Чатырох Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі. Мацнейшая каманда разыграе золата з пераможцам іншай пары ТТТ Рыга – «Жабіны» Брно.

«Растоў-Дон-ЮФУ»

Rostov
Гаспадыні пляцоўкі – адзін з мацнейшых калектываў на поўдні Расіі. Цікава, што клуб створаны у 2006 годзе высілкамі алімпійскай чэмпіёнкі з Мінску Алены Швайбовіч і былой зоркай растоўскага паркету Таццянай Троіцкай.  За час свайго існавання ён паспеў стаць чэмпіёнам Суперлігі (сезон 2013/14) і Суперлігі-1 (сезон 2017/2018).

Ва ўнутраным першынстве Расіі «Растоў» размясціўся на другім месцы па выніках рэгулярнага сезону. У ЕЖБЛ каманда выбіла з чэмпіёнскай гонкі шведскі «Лулеа».

Самым рэзультатыўным гульцом каманды ў еўрапейскім турніры з'яўляецца Элеанора Алейнікава – 14.8 ачка, 4.1 падбора, 3.7 асіста. Не моцна адстае і Ганна Зайцава – 14.6 ачкоў, 7.3 падбора і 3.2 асіста.

Пераможца гэтай пары сустрэнецца ў фінале з рыжанкамі або з чэшкамі.

ТТТ Рыга

TTT

ТТТ – клуб, які прадстаўляе латвійскую Рыгу. Створаная ў 1958 годзе, каманда стала адной з самых тытулаваных у Еўропе. За час незалежнасці Латвіі ТТТ 16 разоў рабілася чэмпіёнам краіны, тры разы выйгравала Латвійска-эстонскую лігу, двойчы Балтыйскую і адзін раз Усходнееўрапейскую. У гэтым сезоне латвійскія дзяўчыны дайшлі да чвэрцьфіналу Еўралігі, дзе ў дзвюх сустрэчах саступілі УГМК з Екацярынбургу. А менш за тыдзень назад ТТТ здабыла перамогу ў фінальным матчы супольнага чэмпіянату Латвіі, Эстоніі і Літвы.

Самым рэзультатыўным гульцом ЕЖБЛ у складзе сяўцоў з'яўляецца Крысцін Вітола – 15.6 ачкоў і 5.6 падбора.

«Жабіны»

Zabiny

Каманда, што базуецца ў Брно, з'яўляецца 14-кратным чэмпіёнам Чэхіі і 16-кратным уладальнікам Кубка краіны. А ў 2006 годзе клуб здабыў перамогу ў Еўралізе, пакінуўшы са срэбрам суайчынніц з «Гамбрынусу». Цяпер чэшкі працягваюць пагоню за золатам у нацыянальным першынстве Чэхіі: удзельніцы Фіналу Чатырох двойчы перайгралі «Лока» з Трутнова.

У ЕЖБЛ самым рэзультатыўным гульцом каманды з'яўляецца Петра Заплатава – 17.8 ачка, 3.9 падбора і 2.8 асіста.

Фінальныя гульні пройдуць 17 сакавіка: у 12.00 удзельніцы разгуляюць бронзу, а ў 15.00 пачнецца змаганне за чэмпіёнскі тытул.