Фінал Чатырох. Расстаноўка сіл



З 4 па 6 верасня ў спарткомплексе РДВАР адбудзецца розыгрыш залатых медалёў 18 Чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх камандаў. Сярод прэтэндэнтаў на тытул «Цмокі-Мінск», «Барысфен», «Гродна-93» і «Рубон».

Нагадаем, што па выніках рэгуляркі «Барысфен» быў на першым радку, «Гродна-93» на другім, а «Рубон» замыкаў тройку. Але паўза, якая зацягнулася, унесла сур'ёзныя карэктывы ў склады. Глядзім, з якім ростарам падыходзяць да фіналу нашы супернікі.

«Рубон»
Сезон 2019/20 выдаўся для падапечных Руслана Байдакова даволі паспяховым: адбіралі ачкі ў Гродна і Віцебску, перамагалі найпрынцыповых супернікаў «Імпульс» і рэзерв «Цмокаў». Вынікам гэтых поспехаў стаў пераход у «Гродна-93» лідараў каманды Ягора Патупчыка і Максіма Шустава. А лепшы скорар Павел Новікаў вярнуўся ў Расію.

Пакінулі каманду і Яўген Смірноў, Сяргей Сапегін, Павел Кадол і Павел Блізнюк. Усё гэта вымусіла «Рубон» актыўна шукаць гульцоў на змену. Так у шэрагі Віцебску ўліліся добра знаёмыя нам Дзяніс Сівацкі і Канстанцін Сацук. Але, як падкрэслівае Руслан Байдакоў, гэтыя хлопцы – хутчэй на будучыню. А стаўку будуць рабіць, прыкладам, на ўкраінскага абаронцу Эрнэста Ткачука. Гулец раней выступаў за «Дняпро» і «Запарожац», а апошнія 2 сезоны правёў у «Адэсе». Яшчэ адзін навічок каманды – 18-гадовы расіянін Данііл Шыбаеў з «Русічаў» (Суперліга-2). Магчыма, адсутнасць гульнявой практыкі ў камандзе вымусіла гульца паспрабаваць свае сілы ў Беларусі. Ёсць у заяўцы на фінал і малады мясцовы баскетбаліст Алег Шаліеўскі.

Не трэба спісваць і «старэнькіх» каманды: браты Аўсепяны, пэўна, паспрачаюцца за лідарства, а Руслан Пішчэйка паспрабуе стаць атакуючай сілай «Рубона». Адаптаваўся ў камандзе і экс-рэзервіст Ілля Паланевіч.

«Гродна-93»
Калі летась многія няшчасці Гродна можна было спісаць на абнаўленне трэнерскага штабу, то цяпер такога бонуса ў Дзмітрыя Кузьміна няма. Затое ёсць згуляная віцебская пара з Ягора Патупчыка і Максім Шустава, якіх трэба было «інтэграваць» у новую каманду. Атрымалася захаваць і дасведчаны «касцяк» у асобе Андрэя Навойчыка, Івана Каляева і Паўла Карасевіча. Дапамагаць апошняму будзе малады берасцеец Кірыл Вінакураў. Для цэнтравога ростам 207 сантыметраў гэта ўжо другі год у Гродна, а значыць і адказнасць будзе ўжо іншай.

Як і у Віцебска, ёсць у радах «Гродна-93» тыя, хто праходзіў школу «Цмокаў»: Максім Сазонаў, Уладзіслаў Швакель і Максім Сазонаў. Ёсць у каманды і страты: украінцы Максім Мірашнічэнка і Аляксандр Пракапенка вярнуліся дамоў. Ці зможа Гродна «перажыць» такую страту, даведаемся у бліжэйшыя дні.

У заяўцы на фінальную частку турніру ў «Гродна-93» 11 гульцоў, што ўскладняе становішча. Падапечным Дзмітрыя Кузьміна, як і астатнім удзельнікам, патрэбна правесці 3 сустрэчы за 3 дні. Так што да трэцяга гульнявога дня сіл будзе значна менш.

«Барысфен»
Лідар розыгрышу рэгулярнага сезону таксама значна абнавіў свой склад. Па-першае, з Магілёва ў Мінск перабралася Бенджамін Дуду. Па-другое, пайшлі легіянеры Стар, Эдуэй і Джонсан. Па-трэцяе, не значацца больш у камандзе Сяргей Татур і Яўген Іваноў.

Але і навічкоў у складзе «рыцараў» не менш. Так, у Магілёў вярнуўся Дарал Эрнандас-Зіненка. Перабраўся з «Імпульсу» Уладзіслаў Мікульскі, а з РЦАП-СДзЮСШАР – перспектыўны Уладзіслаў Мароз. Гарадзенец Ілля Шарыпаў пасля сезону ў «Новасібірску» вярнуўся ў Беларусь. Але замест звыклай сіняй футболцы «Гродна-93» правядзе новы сезон у зялёнай.

І ўсё ж галоўнай сілай «Барысфена» павінны стаць легіянеры Дзюпры МакБрайер, Тэвін Камінгс і Брукс ДзіБішап. 28-гадовы Камінгс мінулы год правёў у армянскім «Арагацы». У чэмпіянаце Арменіі Тэвін у сярэднім набіраў 20.6 ачкоў і здзяйсняў 5.6 падбораў за матч, у Еўразійскай лізе – 20.3 ачкоў і 5.8 падбораў. 24-гадовы Дзюпры МакБрайер правёў мінулы сезон у эстонскай «Валга-Валка». Статыстыка гульца ў эстонска-латвійскай лізе – 10.1 ачкоў, 2.4 падборы, 2.8 асісты. Самы малады легіянер Брукс ДзіБішап прыехаў наўпрост з Універсітэта Паўночнай Арызоны. У NCAA амерыканец правёў 29 гульняў з сярэдняй статыстыкай 12 ачкоў, 8.1 падбораў, 2.9 асісты.

Не стрэба спісваць і вопытных гульцоў Магілёва. Арцём Малькоў, Арцём Секушэнка, Андрэй Агеенка, Дзяніс Пастухоў, Аляксандр Капачоў, Вячаслаў Корж, Аляксандр Харкевіч, Антон Зарэцкі наўрад ці плануюць быць статыстамі ў новым сезоне. А пры графіку 3 матчы за 3 дні даўжыня лаўкі можа згуляць ключавую ролю.

Ужо ў гэту нядзелю па выніках усіх сустрэч мы даведаемся імя самага моцнага клуба краіны. Квіткі на матчы можна набыць на Ticketpro.by, а трансляцыю сустрэч шукайце на сайце Беларускай федэрацыі баскетбола. Фінал Чатырох.