Гульцы «Цмокі-Мінск» сталі ўладальнікамі золата ў I Чэмпіянаце Беларусі па баскетболе 3х3



У мінулыя выходныя ў Мінску прайшоў першы Чэмпіянат па баскетболе 3х3. І хоць турнір пазіцыянаваўся як тэставы перад 2 Еўрапейскімі гульнямі, кожная каманда разумела значнасць першага ў гісторыі чэмпіёнскага тытула.

У суботу на пляцоўку абноўленай Palova-арэны выйшлі дзяўчыны. Прадстаўніцы «Цмокі-Мінск» былі заўважаны ў 2 з 8 камандаў-удзельніц: Аляксандра Шаўчэнку і Яўгена Сцяпанава гралі ў складзе «Кандыдатаў», а Ксенія Вабішчэвіч выступала за «Дзяўчат». Абедзве каманды змаглі прабіцца ў плэй-оф без асаблівых праблем: «Кандыдатам мела быць паўфінальная сустрэча з камандай U-18, а «Дзяўчатам» - з прадстаўніцамі «Алімпіі».

Паўфінальныя гульні атрымаліся яркімі і напружанымі: каманда Ксеніі Вабішчэвіч доўга лідаравала ў сваёй сустрэчы, але дазволіла ў выніку суперніцам вярнуцца ў гульню. Вольга Капылова дзвюма дакладнымі штрафнымі вывела гарадзенак наперад за 47 секундаў до сірэны. Гэтыя ачкі сталі пераможнымі для каманды з Гродна.

Другі паўфінал атрымаўся яшчэ больш драматычным. Саступаючы па ходу сустрэчы, «маладзёжка» здзейсніла класны камбэк. А на апошніх секундах юніёркі трапілі «касмічны» кідок з-за дугі і вырвалі перамогу!

Такім чынам, прадстаўніцы нашай жаночай каманды павінны былі  разыграць бронзу чэмпіянату. Сустрэча атрымалася напружанай, і справа дайшла да авертайму, дзе мацнеймі былі «Дзяўчаты».

Яшчэ з прыемнага - прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Аляксандрэ Шаўчэнке – цэнтравая радавала гледачоў эфектнымі дзеяннямі ў абароне.

Sheva

Ну а першае золата жаночага чэмпіянату адправілася ў Гродна. Дасведчаныя прадстаўніцы «Алімпіі» разграмілі беларускую моладзь і ўсталі на першую ступень пастамента.

Women_3x3

На наступны дзень самага моцнага вызначалі мужчыны. Сярод 12 каманд было заўважана шмат гульцоў нацыянальнага чэмпіянату па баскетболе 5x5. Але нас больш за ўсё цікавіла чацвёрка Дзмітрыя Калтунова: Максім Лютыч, Андрэй Рагазенка, Мікіта Мешчаракоў і Сяргей Вабішчэвіч прадстаўлялі каманду «Беларусь 1».

Мабыць, адзін з самых складаных матчаў для нашых хлопцаў атрымаўся супраць «Славечна», дзе «расстраляўся» рэзервіст Андрэй Стаброўскі. Але выніковы лік гэтай сустрэчы на карысць «Беларусь 1» пацвердзіў народную мудрасць пра тое, што «адзін - у поле не ваяр».

Яшчэ адной яркай камандай турніру быў «РосЭнэргаАтам», у складзе якой «засвяціліся» Генадзь Захар і Юры Ігнацьеў («Імпульс-БДУІР») і Аляксандр Харкевіч («Барысфен»). Хлопцы цалкам маглі прэтэндаваць на фінал, калі б не нашы «зборнікі». Падначаленыя Калтунова літаральна прайшліся па бела-сініх і скончылі сустрэчу дачасна. Тут стаіць адзначыць гульню Андрэя Рагазенкі і Сяргея Вабішчэвіча, якія закідалі суперніка з далёкай дыстанцыі. Але «РосЭнэргаАтам» не пакінуў  турнір без медалёў, стаўшы бронзавым калектывам чэмпіянату і атрымаўшы прыз глядацкіх сімпатый.

Нашы хлопцы ў фінале сустракаліся з яшчэ адной даволі дасведчанай чацвёркай «Mr.Magic». І зноў, не гледзячы на ўсе старанні «чараўнікоў» інтрыгі не атрымалася. У «зборнай» у гэтай гульні далёка не ўсё атрымвалася здалёк, але Максім Лютыч выдатна адпрацаваў пад кошам, страхуючы сваіх партнёраў і павольна, але дакладна, ведучы каманду да першага ў гісторыі золата чэмпіянату краіны па баскетболе 3х3.

Men

Але гэта не ўсе перамогі прадстаўнікоў нашай каманды ў мінулы ўікэнд: мужчынская зборная 3х3 да 23 гадоў у складзе Максіма Сазонава, Цімафея Паралёва, Валянціна Назарава і Рамана Рубінштэйна святкавала вікторыю на 4 этапе Лігі нацый U-23.
U-23