Гісторыя наймацнейшага баскетбольнага калектыву Беларусі апошняга дзесяцігоддзя бярэ пачатак з 2006 года. Пры стварэнні клуб атрымаў назву "Мінск-2006" і выбітна адрозніваўся ад астатніх спартыўных каманд краіны не толькі высокімі амбіцыямі, але і беспрэцэдэнтным аб'яднаннем пад адным дахам трох падраздзяленняў - мужчынскага і жаночага калектываў, а таксама дзіцяча-юнацкай школы.

Апошняя ўяўляе з сябе былую СДзЮШАР-10, заснаваную яшчэ ў 1972-м годзе, яна таксама ўвайшла ў склад сталічнай арганізацыі.

Мужчынская каманда "Мінска-2006" дамаглася адметных вынікаў ужо ў дэбютным сезоне - у нацыянальным чэмпіянаце яна дайшла да паўфіналу. Аналагічна завяршылася і наступнае першынства. Пераломным у гісторыі нашай каманды стаў сезон-2008/09. Менавіта тады мінчукі сур'ёзна аптымізавалі склад. У тым ліку і за кошт амерыканскіх легіянераў - Дантэ Стыгерса і Карласа Хурта. Кропкавыя жа ўзмацненні складу дамарослымі выканаўцамі ў выніку дазволілі калектыву заваяваць золата чэмпіянату Беларусі. Першае, але далёка не апошняе - з тых часоў наш клуб не ведае роўных на ўнутранай арэне.

Пасля трыумфу на нацыянальным узроўні мінчукі пачалі выводзіць беларускі баскетбол з міжнароднай ізаляцыі. Першую спробу асвоіць еўрапейскую "цаліну" дружына пачала ў 2009 годзе. Тады ў Еўрачэленджы яна атрымала 2 перамогі ў 6 матчах і заняла 3-е месца ў групе. З тых часоў сталічны клуб кожны год удзельнічае ў кантынентальных спаборніцтвах.

Самым высокім дасягненнем "драконаў" на дадзены момант з'яўляецца выхад у чвэрцьфінал Еўрачэленджа ў сезоне-2013/14. З 2010 года наша каманда таксама ператварылася ў нязменнага ўдзельніка Адзінай лігі ВТБ. Першапачаткова дадзены турнір уяўляў сабой спаборніцтва, дзе ўдзельнічалі самыя моцныя калектывы Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Беларусі і іншых краін. Аднак у 2013-м ліга фактычна замяніла чэмпіянат Расіі, што ў сваю чаргу павысіла прэстыж і ўзровень спаборніцтва.

У дэбютным годзе мінчукі атрымалі 4 перамогі пры 6 паразах, давалі бой фаварытам і занялі 4-е месца з 6. Што тычыцца колькасці вікторый, то рэкордным стаў сезон-2015/16. У ім беларускі чэмпіён атрымаў 9 перамог. У гэтым жа сезоне "Цмокі" паўдзельнічалі ў новым турніры - Кубке ФІБА-Еўропа. Беларусы лёгка прайшлі ў другі этап, дзе, нажаль, і скончылі выступ. "Цмокам" не хапіла літаральна двух ачкоў: на хатняй пляцоўцы ў апошнім матчы другога этапа яны не ўтрымалі неабходную розніцу і прапусцілі наперад кіпрскі АЕК.

У міжсезонне склад каманды значна аднавіўся: у ростары з'явіліся легіянеры Дру Джойс, Няманья Мілошавіч, Джорджэ Гагіч і Лаймонас Кіселюс. Апроч таго, "Цмокі" знайшлі сабе яшчэ адно логава: разам з "Мінск-Арэнай" каманда праводзіла матчы на Falcon Club Арэне.

Сезон 2016/17 "Цмокі" пачалі значна раней звыклага: ужо ў верасні, фактычна адразу пасля сканчэння выступаў мужчынскай зборнай Беларусі, "Драконы" ўступілі ў змаганне за месца ў Лізе чэмпіёнаў. Першы кваліфікацыйны раўнд падначаленыя Ігара Грышчука прайшлі без праблем, выбіўшы з новага турніру пад эгідай ФІБА балгарскі "Рылскі". А вось перайграць ізраільскую "Нагарыю" не атрымалася: і ў Мінску, і на выездзе "Цмокі" саступілі па 4 ачка і былі змушаны працягнуць сезон у Кубку ФІБА-Еўропа.

У ФІБА-Еўропа "Цмокі" паўтарылі леташні вынік: каманда прайшла першы групавы этап, узяўшы 5 матчаў, але нечакана спатыкнулася перад стадыяй плэй-оф, дзе не хапіла літаральна адной паспяховай гульні. І ўсё ж, на хатняй Falcon Club Арэне мінчукі досыць упэўнена перайгралі будучага чэмпіёна - французскі "Нантэр".

Самым яркім момантам чэмпіянату Адзінай Лігі ВТБ стала хатняя перамога над УНІКСам: абаронца Джасцін Грэй закінуў вырашальны трохачковы на апошніх секундах авертайма - 87:85. Заўзятарам таксама запомніліся паспяховыя матчы з "Аўтадорам", "Калевам" і "Пармай", а сезон "Цмокі" зачынілі разгромам "Ніжняга Ноўгарада" і пераможным святкаваннем на Falcon Club Арэне. 

Нягледзячы на асобныя поспехі, у сакавіку 2017-га замест Ігара Грышчука месца галоўнага трэнера заняў Аляксандр Круцікаў. Крыху пазней стала вядома, што спецыяліст працягне кіраваць камандай у сезоне 2017/18. 

На ўнутранай арэне "Цмокі" - стабільна мацнейшыя вось ужо 9 гадоў запар: у сезоне 2016/17 "Цмокі" ўзялі Кубак і чэмпіёнства краіны, стаўшы самай тытулаванай камандай суверэннай Беларусі.

Адзначым, што вехавую серыю мінчукі кавалі пад "мадэрнізаванай" назвай. У верасні 2012-га "Мінск-2006" быў перайменаваны ў "Цмокі-Мінск" для павышэння маркетынгавай прывабнасці, а таксама прыцягнення ўвагі да беларускай культуры. Бо Цмок - гэта персанаж беларускай міфалогіі, які згадваецца яшчэ ў Статуце ВКЛ 1588 года. Апраўданасць рэбрэндынгу пацвердзіў сезон-2012/13 - "Цмокі" сталі адным з лідараў лігі ВТБ па наведвальнасці матчаў.

Паралельна з поспехамі мужчынскай каманды развіваўся і жаночы калектыў. З 2007 года ён нязменна ўваходзіў у лік прызёраў нацыянальнага чэмпіянату, але ў той жа час лічыўся і самай няўдачлівай дружынай першынства. Ці жарт, на рубяжы дзесяцігоддзяў мінчанкі тройчы выходзілі ў фінал чэмпіянату, аднак кожны раз саступалі. Зрэшты, у сезоне-2013/14 чорная паласа, нарэшце, змянілася белай. Абыграўшы "Гарызонт" з Мінскай вобласці ў чатырох сустрэчах, наша жаночая каманда ўпершыню заваявала золата чэмпіянату, а праз год паўтарыла поспех. Акрамя таго, у сезоне-2014/15 "драконам" скарылася і Балтыйская ліга. Ну, а першы трафей яны заваявалі яшчэ ў 2010-м годзе - тады скарбніца дружыны папоўнілася Кубкам Беларусі.

Улетку 2016-га жыццё жаночай каманды сур'ёзна змянілася: кіраўніцтва клуба зрабіла стаўку на маладых баскетбалістак. У складзе засталіся ўсяго два дасведчаных гульца - Ала Мураўская і Вікторыя Гаспер, а адзіная легіянерка - Рэйчал Тэрыёт - толькі-толькі скончыла выступ у студэнцкай NCAA. У камандзе з'явіліся адразу 7 новых баскетбалістак, самай старэйшай з якіх - Віялеце Кіўляк - было ўсяго 20 гадоў. Адбыліся змены і ў трэнерскім штабе: замест Аляксея Пынцікава ў лік спецыялістаў увайшла экс-трэнер РДВАРа Алена Іваноўская.

Нягледзячы на практычна новы склад з маладымі гульцамі, трэнерскі штаб на чале з Андрэем Ваўлевым ужо ў верасні змог вывесці каманду ў фінал Кубка Беларусі. А ў лістападзе 2016-га "Цмокі" ўпершыню з 2010-га ўзялі Кубак, перайграўшы ў вырашальнай сустрэчы "Гарызонт". Маладая каманда, якую вялі дасведчаныя лідары, выдатна глядзелася ў Балтыйскай і Ўсходне-Еўрапейскай лігах, але галоўны падарунак клубу зрабіла ў красавіку. Тады дзяўчыны літаральна не пакінулі шанцаў таму ж "Гарызонту", усухую перайграўшы яго ў фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі - 3-0. Такім чынам, за адзін сезон "Цмокі" сабралі ўсе трафеі ў баскетбольнай Беларусі.

Што тычыцца другой каманды "Цмокаў", то асноўнай яе задачай з'яўляецца падрыхтоўка маладых і таленавітых баскетбалістаў да будучых баталіяў. Нядзіўна, што дружына з'яўляецца базай для моладзевай (U-20) зборнай краіны. У прыватнасці, на чэмпіянаце Еўропы 2015 года ў дывізіёне "В" 11 з 12 гульцоў са складу беларусаў выступалі менавіта за "Цмокаў". Кіраваў жа калектывам трэнерскі штаб малодшых "драконаў". Пры гэтым праца на перспектыву не перашкаджае дасягненню імгненнага выніку. У чэмпіянаце-2011/12 другая каманда "Цмокаў" заваявала бронзавыя медалі. Праз два гады мінчукі паўтарылі поспех, ну а яшчэ сезонам пазней выйшлі ў паўфінал. Акрамя таго, хлопцы адсвяткавалі трыумф у Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лізе, перасягнуўшы па ўсіх артыкулах сваіх - у тым ліку і куды больш знакамітых - канкурэнтаў.

Спонсары і партнёры