Гісторыя

Гісторыя наймацнейшага баскетбольнага калектыву Беларусі апошняга дзесяцігоддзя бярэ пачатак з 2006 года. Пры стварэнні клуб атрымаў назву «Мінск-2006» і выбітна адрозніваўся ад астатніх спартыўных каманд краіны не толькі высокімі амбіцыямі, але і беспрэцэдэнтным аб’яднаннем пад адным дахам трох падраздзяленняў — мужчынскага і жаночага калектываў, а таксама дзіцяча-юнацкай школы.

Апошняя ўяўляе з сябе былую СДзЮШАР-10, заснаваную яшчэ ў 1972-м годзе, яна таксама ўвайшла ў склад сталічнай арганізацыі.

Мужчынская каманда «Мінска-2006» дамаглася адметных вынікаў ужо ў дэбютным сезоне — у нацыянальным чэмпіянаце яна дайшла да паўфіналу. Аналагічна завяршылася і наступнае першынства. Пераломным у гісторыі нашай каманды стаў сезон-2008/09. Менавіта тады мінчукі сур’ёзна аптымізавалі склад. У тым ліку і за кошт амерыканскіх легіянераў — Дантэ Стыгерса і Карласа Хурта. Кропкавыя жа ўзмацненні складу дамарослымі выканаўцамі ў выніку дазволілі калектыву заваяваць золата чэмпіянату Беларусі. Першае, але далёка не апошняе — з тых часоў наш клуб не ведае роўных на ўнутранай арэне.

Пасля трыумфу на нацыянальным узроўні мінчукі пачалі выводзіць беларускі баскетбол з міжнароднай ізаляцыі. Першую спробу асвоіць еўрапейскую «цаліну» дружына пачала ў 2009 годзе. Тады ў Еўрачэленджы яна атрымала 2 перамогі ў 6 матчах і заняла 3-е месца ў групе. З тых часоў сталічны клуб кожны год удзельнічае ў кантынентальных спаборніцтвах.

У верасні 2012-га «Мінск-2006» быў перайменаваны ў «Цмокі-Мінск» для павышэння маркетынгавай прывабнасці, а таксама прыцягнення ўвагі да беларускай культуры. Бо Цмок — гэта персанаж беларускай міфалогіі, які згадваецца яшчэ ў Статуце ВКЛ 1588 года. Апраўданасць рэбрэндынгу пацвердзіў сезон-2012/13 — «Цмокі» сталі адным з лідараў лігі ВТБ па наведвальнасці матчаў.

Самым высокім дасягненнем «драконаў» на дадзены момант з’яўляецца выхад у чвэрцьфінал Еўрачэленджа ў сезоне-2013/14. З 2010 года наша каманда таксама ператварылася ў нязменнага ўдзельніка Адзінай лігі ВТБ. Першапачаткова дадзены турнір уяўляў сабой спаборніцтва, дзе ўдзельнічалі самыя моцныя калектывы Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Беларусі і іншых краін. Аднак у 2013-м ліга фактычна замяніла чэмпіянат Расіі, што ў сваю чаргу павысіла прэстыж і ўзровень спаборніцтва.

У дэбютным годзе мінчукі атрымалі 4 перамогі пры 6 паразах, давалі бой фаварытам і занялі 4-е месца з 6. Што тычыцца колькасці вікторый, то рэкордным стаў сезон-2015/16. У ім беларускі чэмпіён атрымаў 9 перамог. У гэтым жа сезоне «Цмокі» паўдзельнічалі ў новым турніры — Кубке ФІБА-Еўропа. Беларусы лёгка прайшлі ў другі этап, дзе, нажаль, і скончылі выступ. «Цмокам» не хапіла літаральна двух ачкоў: на хатняй пляцоўцы ў апошнім матчы другога этапа яны не ўтрымалі неабходную розніцу і прапусцілі наперад кіпрскі АЕК.

У міжсезонне склад каманды значна аднавіўся: у ростары з’явіліся легіянеры Дру Джойс, Няманья Мілошавіч, Джорджэ Гагіч і Лаймонас Кіселюс. Апроч таго, «Цмокі» знайшлі сабе яшчэ адно логава: разам з «Мінск-Арэнай» каманда праводзіла матчы на Falcon Club Арэне.

Сезон 2016/17 «Цмокі» пачалі значна раней звыклага: ужо ў верасні, фактычна адразу пасля сканчэння выступаў мужчынскай зборнай Беларусі, «Драконы» ўступілі ў змаганне за месца ў Лізе чэмпіёнаў. Першы кваліфікацыйны раўнд падначаленыя Ігара Грышчука прайшлі без праблем, выбіўшы з новага турніру пад эгідай ФІБА балгарскі «Рылскі». А вось перайграць ізраільскую «Нагарыю» не атрымалася: і ў Мінску, і на выездзе «Цмокі» саступілі па 4 ачка і былі змушаны працягнуць сезон у Кубку ФІБА-Еўропа.

У ФІБА-Еўропа «Цмокі» каманда прайшла першы групавы этап, узяўшы 5 матчаў, але нечакана спатыкнулася перад стадыяй плэй-оф, дзе не хапіла літаральна адной паспяховай гульні. І ўсё ж, на хатняй Falcon Club Арэне мінчукі досыць упэўнена перайгралі будучага чэмпіёна — французскі «Нантэр».

Самым яркім момантам чэмпіянату Адзінай Лігі ВТБ стала хатняя перамога над УНІКСам: абаронца Джасцін Грэй закінуў вырашальны трохачковы на апошніх секундах авертайма. Заўзятарам таксама запомніліся паспяховыя матчы з «Аўтадорам», «Калевам» і «Пармай», а сезон «Цмокі» зачынілі разгромам «Ніжняга Ноўгарада» і пераможным святкаваннем на Falcon Club Арэне.

Нягледзячы на асобныя поспехі, у сакавіку 2017-га замест Ігара Грышчука месца галоўнага трэнера заняў Аляксандр Круцікаў. Менавіта пад яго кіраўніцтвам «Цмокі» правялі адзін з самых паспяховых сезонаў, траппіўшы ў Топ-16 Кубку ФІБА-Еўропа і да апошняга змагаючыся да плэй-офф ВТБ. А адным з самых бліскучых момантаў стала першая ў гісторыі хатняя перамога на «Лакаматывам». Зоркай таго матчу быў амерыканец Дэвон Садлер, які стаў самым рэзультатыўным гульцом у мінскай камандзе. На жаль, параза ад піцерскага «Зеніту» ў апошнім матчы рэгуляркі не дазволіла камандзе ўпершыню ў гісторыі трапіць у плэй-оф.

На ўнутранай арэне «Цмокі» — стабільна мацнейшыя вось ужо 10 гадоў запар: у сезоне 2017/18 «Цмокі» ўзялі Кубак і чэмпіёнства краіны. На сёняшні дзень «Цмокі» — самая тытулаваная каманда суверэннай Беларусі.

У сезоне 2017/18 кіраўніцтвам клубу было прынята пранцыповае рашэнне: «Цмокі» стварылі новую каманду. Узначаліў моладзь былы гулец Расціслаў Вергун. Рэзервовы склад планаваўся як «трамплін» для пераходу ў асноўную каманду. Ужо ў першы сезон гэтым шляхам прайшоў, напрыклад, Яўген Белянкоў. У гэтым жа годзе каманду запрасілі да ўдзелу ў Міжнародным студэнцкім кубку ў Маскве, дзе каманда Расціслава Вергуна стала срэбным прызёрам, саступіўшы на апошніх хвілінах зборнай Расіі.

Дарэчы, менавіта рэзервовы склад удзельнічаў у Кубку Беларусі і нацыянальным чэмпіянаце.

Паралельна з поспехамі мужчынскай каманды развіваўся і жаночы калектыў. З 2007 года ён нязменна ўваходзіў у лік прызёраў нацыянальнага чэмпіянату, але ў той жа час лічыўся і самай няўдачлівай дружынай першынства. Ці жарт, на рубяжы дзесяцігоддзяў мінчанкі тройчы выходзілі ў фінал чэмпіянату, аднак кожны раз саступалі. Зрэшты, у сезоне-2013/14 чорная паласа, нарэшце, змянілася белай. Абыграўшы «Гарызонт» з Мінскай вобласці ў чатырох сустрэчах, наша жаночая каманда ўпершыню заваявала золата чэмпіянату, а праз год паўтарыла поспех. Акрамя таго, у сезоне-2014/15 «драконам» скарылася і Балтыйская ліга. Ну, а першы трафей яны заваявалі яшчэ ў 2010-м годзе — тады скарбніца дружыны папоўнілася Кубкам Беларусі.

Улетку 2016-га жыццё жаночай каманды сур’ёзна змянілася: кіраўніцтва клуба зрабіла стаўку на маладых баскетбалістак. У складзе засталіся ўсяго два дасведчаных гульца — Ала Мураўская і Вікторыя Гаспер, а адзіная легіянерка — Рэйчал Тэрыёт — толькі-толькі скончыла выступ у студэнцкай NCAA. У камандзе з’явіліся адразу 7 новых баскетбалістак, самай старэйшай з якіх — Віялеце Кіўляк — было ўсяго 20 гадоў. Адбыліся змены і ў трэнерскім штабе: замест Аляксея Пынцікава ў лік спецыялістаў увайшла экс-трэнер РДВАРа Алена Іваноўская.

Нягледзячы на практычна новы склад з маладымі гульцамі, трэнерскі штаб на чале з Андрэем Ваўлевым ужо ў верасні змог вывесці каманду ў фінал Кубка Беларусі. А ў лістападзе 2016-га «Цмокі» ўпершыню з 2010-га ўзялі Кубак, перайграўшы ў вырашальнай сустрэчы «Гарызонт». Маладая каманда, якую вялі дасведчаныя лідары, выдатна глядзелася ў Балтыйскай і Ўсходне-Еўрапейскай лігах, але галоўны падарунак клубу зрабіла ў красавіку. Тады дзяўчыны літаральна не пакінулі шанцаў таму ж «Гарызонту», усухую перайграўшы яго ў фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі — 3-0. Такім чынам, за адзін сезон «Цмокі» сабралі ўсе трафеі ў баскетбольнай Беларусі. Гэты поспех жаночая каманда паўтарыла ў сезоне 2017/18.

Што тычыцца другой каманды «Цмокаў», то асноўнай яе задачай з’яўляецца падрыхтоўка маладых і таленавітых баскетбалістаў да будучых баталіяў. Нядзіўна, што дружына з’яўляецца базай для моладзевай (U-20) зборнай краіны. У прыватнасці, на чэмпіянаце Еўропы 2015 года ў дывізіёне «В» 11 з 12 гульцоў са складу беларусаў выступалі менавіта за «Цмокаў». Кіраваў жа калектывам трэнерскі штаб малодшых «драконаў». Пры гэтым праца на перспектыву не перашкаджае дасягненню імгненнага выніку. У чэмпіянаце-2011/12 другая каманда «Цмокаў» заваявала бронзавыя медалі. Праз два гады мінчукі паўтарылі поспех, ну а яшчэ сезонам пазней выйшлі ў паўфінал. Акрамя таго, хлопцы адсвяткавалі трыумф у Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лізе, перасягнуўшы па ўсіх артыкулах сваіх — у тым ліку і куды больш знакамітых — канкурэнтаў.