«Цмокі» ў кіберпрасторы



Яшчэ напачатку восені да нас звярнуліся хлопцы з Blue Mountain State (BMS) з прапановай пра супрацу, у рамках якой яны выступалі б на розных турнірах як каманда «Цмокі-Мінск». І вось ужо паўгода на кібер-арэне існуе і беларуская каманда.



За гэты час «Цмокі» у складзе капітана Руслана Уласава (VlasovR69), Міхала Князева (SQUARDINO), Данііла Максіменка (Charley_Building), Андрэя Ганчарова (BioCook), Дзмітрыя Акулава (TwitchTV_akulkz) і Уладзіміра Кузняцова (Wh1teDevil-) паспелі выйсці ў плэй-оф еўрапейскай лігі IE-S, стаць другімі ў трэцім дывізіёне і выйграць міжнародны кубак «National Cup». Цяпер хлопцы ідуць на 5 радку ў чэмпіянаце Расіі. А вось што нам расказаў капітан каманды Руслан Уласаў:

- Як прыйшла ідэя супрацы з «Цмокамі»?


- Хацелі прадстаўляць клуб з Адзінай Лігі ВТБ. Сталі распытваць у людзей з баскетбольнага свету, да каго можна звярнуцца, каб была аддача. Нам падказалі звярнуцца ў «Цмокі», бо клуб вельмі актыўны і заўсёды адкрыты для новых праектаў. Склалі невялікую прэзентацыю і адправілі ў Мінск. Адказ не прымусіў нас доўга чакаць, і так пачалася наша супраца.

- У якіх умовах праходзяць турніры?

- Калі казаць пра чэмпіянат Расіі, то там усё вельмі строга і па раскладзе. Адразу адчуваецца ўзровень адказнасці і арганізацыі. Праўда, нядаўна быў выпадак. У нас гульня стаяла ў 21:20, а ў мяне выезд на тур быў у 21:00. Замяніць было няма кім, бо другі разыгрываючы быў у начную змену на працы. Давялося пісаць арганізатарам, каб паспрабаваць неяк перанесці гульню і не атрымліваць тэхнічнай паразы. Яны пайшлі на сустрэчу і перанеслі гульню на 20:00, мы хутка адыгралі-перамаглі, і я радасны паехаў на выезд.

Калі казаць пра еўрапейскія турніры, адзіная складанасць у іх - розніца ў часе. У Еўропе «-2» гадзіны ад Масквы. У нас у камандзе ёсць хлопцы з Екацярынбурга і Іжэўска, так што ім даводзіцца гуляць нават у гадзіну ночы, а то і пазней.

- Як прайшла першая палова сезона і якія планы далей?

- Першая палова прайшла больш-менш паспяхова. Напачатку сезона дапусцілі пару крыўдных параз. Пасля чаго зрабілі невялікую ратацыю ў складзе, тым самым узмацніўшы каманду. Хацелі прыцягнуць нават легіянераў, але вырашылі гуляць сваімі хлопцамі да канца. Атрымалася абгуляць галоўнага прэтэндэнта на чэмпіёнства Купал-Раднікі. Я як капітан лічу, што першую частку сезона мы прайшлі паспяхова. Далейшыя планы - выходзіць у плэй-оф, імкнуцца навесці шуміхі і выйграць чэмпіянат.

- Якія перспектывы ў кібербаскетбола?

- Праз гадоў 10 гэта будзе алімпійскім відам спорту :)  Калі ж казаць сур'ёзна, то думаю перспектывы сапраўды вялікія. З кожным месяцам з'яўляецца ўсё больш гульцоў, іншыя гульцы робяцца мацнейшымі. Калі нехта думае, што гэта проста седзячы на крэсле націскаць кнопкі і ўсё лёгка, то вельмі моцна памыляюцца. Хлопцы марнуюць шмат часу на вывучэнні гульні. Глядзяць розныя відэа гульцоў з розных нацыянальных зборных, каб імкнуцца кожную гульню нечым здзівіць. Апроч таго, гульня ўвесь час абнаўляецца і некаторыя моманты робяцца складаней. Што да нашых краін, то я чуў, што хочуць праводзіць плэй-оф, сабраўшы ўсе каманды ў адным месцы. Гэта будзе сапраўды крута. Думаю, СНД-супольнасць з кожным годам будзе развівацца ўсё мацней у гэтым кірунку.

- Ці сочаць кіберспартсмены за рэальным басктеболом?

- Не магу казаць за іншыя каманды і іншых гульцоў, але ў нас усе сочаць за гэтым відам спорту. Нехта нават гуляе на розных узроўнях, але ўсіх нас яднае любоў да гэтай гульні. Часта бывае, што мы абмяркоўваем рэальныя матчы Адзінай Лігі ВТБ, Еўралігі і НБА.

Сочым і за поспехамі асноўнай каманды «Цмокі-Мінск». Нядаўна затрымвалі рэйс, і я паглядзеў цалкам матч з Піцерам. Каманда добра гуляе, але адзначыў бы Клайберна і Лоўры. Калі яны захочуць, мы можам з імі згуляць як у жывы, гэтак і ў інтэрактыўны баскетбол.

Дарэчы, сачыць за поспехамі каманды можна ў іх сацыяльных сетках: вк, твітар, інстаграм.

Турніры па кібербаскетболу набіраюць папулярнасць. Так, Адзіная Ліга ВТБ у гэтым сезоне арганізавала сваю, ужо другую Кіберлігу ВТБ. Там таксама былі прадстаўнікі мінскай каманды: Сяргей Суханаў (air-up-there) з Віцебска гуляў за бела-сініх. Cяргей дайшоў да фінальнай часткі турніру, дзе саступіў зараз ужо двухразоваму чэмпіёну Міхалу Панчанку, які прадстаўляў «Астану».

Сяргей захапляецца кібербаскетболам з першай гульні NBA JAM на Sega: паспрабаваў у 1998 годзе і ўжо не змог спыніцца. Кажа, што з рэальным баскетболам такая ж гісторыя.

Нягледзячы на тое, што для самой гульні не мае значэння, за якую каманду заяўляцца, Сяргей выбраў «Цмокаў» як адзіную з Беларусі: «Выбраў, што бліжэй па душы».

Для хлопца з Віцебску гэта ўжо другая спроба ў турніры, арганізаваным Лігай. Летась ён таксама прадстаўляў «Цмокі», але не дайшоў да фінальнай стадыі. У гэтым годзе ён значна палепшыў свой вынік.

«У фінале не хапіла трэнераванняў. Практычна не гуляў у рэжым гульні, у якім праходзілі спаборніцтвы. Так што мая параза ў нейкай меры заканамерна, дый супрацьстаяў мне сапраўды самы лепшы гулец СНД на дадзены момант. Я імкнуўся трапіць у Топ-3 і разумеў, што прайсці можна далёка - гэтак і атрымалася».

Tsmoki_cyber

Сяргей сочыць за выступам мінчан па выніках, глядзіць хайлайты. Прыходзіў на матчы Кубка Беларусі, які праходзіў у Віцебску. Апроч таго, таксама атрымалася пазаўзець за каманду на Moscow Open 2019 3х3.

Любімы гулец Андрэй Рагазенка: з ім Сяргею атрымалася трохі пагутарыць падчас здымак перадачы, дзе хлопцы гулялі ў кібербаскетбол (тэлетурнір, арганізаваны БФБ – заўв.) – «вясёлы хлопец, дый гуляе выдатна. Думаю, у яго добрыя перспектывы».

«Цмокі» і «Астана», прадстаўнікі якіх сышліся ў фінале, у гэтым сезоне яго не сустракаліся ў рэальным свеце. Мы спыталіся ў Сяргея, як ён думае, хто ж пераможа ў найблізкай сустрэчы 21 сакавіка:

«Думаю перамогуць «Цмокi». Хлопцы дэманструюць выдатную гульню апошнім часам і з моцнымі клубамі бракавала літаральна пары трапленняў». Што ж, спадзяёмся, гэтак і будзе, а мы жадаем поспехаў хлопцам у кібербаскетбольных спаборніцтвах.