Клавс Чаварс будзе бараніць колеры «Цмокаў»



Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» і цэнтравы зборнай Латвіі Клавс Чаварс (207, 24 гады) дамовіліся пра супрацу.

Чаварс пачаў сваю прафесійную кар'еру ў 2011 годзе ў студэнцкай камандзе «Вэнтспілса», якая выступала ў 2 дывізіёне чэмпіянату Латвіі. Пасля чаго цэнтравы перабраўся ў «Ліепаі/Трыабет», дзе замацаваўся ў стартавай пяцёрцы. У яго кар'еры таксама былі іспанская «Гран Канарыя», турэцкі «Генчлік» і 2 гады ў рыжскім ВЭФе.

Сезон 2019/20 Чаварс правёў у родным для яго «Вэнтспілсе», дзе таксама пачынаў гульню з першых хвілін. У Латвійска-Эстонскай Лізе цэнтравы правёў 20 сустрэч з сярэдняй статыстыкай 9.7 ачкоў, 6.5. падбораў, 1.5 перадачы і 2.2 блок-шоты за 20 хвілін. У Кубку ФІБА-Еўропа – 12 гульняў з сярэднімі паказнікамі 11.3 ачкі, 7.4 падборы, 2.3 блок-шоты за 21 хвіліну. Пры гэтым у матчы супраць «Прышціны» гулец набраў 26 ачкоў, зрабіў 13 падбораў, 3 перадачы і 5 блок-шотаў.

Цэнтравы выступаў за моладзевыя каманды зборнай Латвіі U-16, U-18 і U-20. А ў 2017 і 2020 гадах выступаў і за галоўную каманду краіны. У міжсезонне гульцом цікавілі клубы з Украіны, Польшчы, Грэцыі, Расіі і Латвіі. Але Чаварс прыедзе ў Мінск.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
«У асобе Клавса мы хочам атрымаць моцнага атлета і агрэсіўнага гульца пад кошам. Ён дасць нам дадатковую моц пры гульне ў фарбе і будзе цэментаваць нашу абарону. Гэты гулец цяпер знаходзіцца ў тым узросце, калі ёсць баланс паміж ужо набытым досведам выступаў на еўрапейскім узроўні і перспектывай далейшага росту.

Думаю, што нашу супрацу можна назваць узаемавыгаднай. Ён вельмі мэтанакіраваны гулец, і ў яго асобе мы атрымліваем якаснага галоднага прафесіянала, які марыць пра наступны вялікі крок. Мы ж даём яму магчымасць вярнуцца ў Лігу ВТБ і праявіць сябе на больш высокім узроўні».