Гісторыя наймацнейшага баскетбольнага калектыву Беларусі апошняга дзесяцігоддзя бярэ пачатак з 2006 года. Пры стварэнні клуб атрымаў назву "Мінск-2006" і выбітна адрозніваўся ад астатніх спартыўных каманд краіны не толькі высокімі амбіцыямі, але і беспрэцэдэнтным аб'яднаннем пад адным дахам трох падраздзяленняў - мужчынскага і жаночага калектываў, а таксама дзіцяча-юнацкай школы.

Апошняя ўяўляе з сябе былую СДзЮШАР-10, заснаваную яшчэ ў 1972-м годзе, яна таксама ўвайшла ў склад сталічнай арганізацыі.

Мужчынская каманда "Мінска-2006" дамаглася адметных вынікаў ужо ў дэбютным сезоне - у нацыянальным чэмпіянаце яна дайшла да паўфіналу. Аналагічна завяршылася і наступнае першынства. Пераломным у гісторыі нашай каманды стаў сезон-2008/09. Менавіта тады мінчукі сур'ёзна аптымізавалі склад. У тым ліку і за кошт амерыканскіх легіянераў - Дантэ Стыгерса і Карласа Хурта. Кропкавыя жа ўзмацненні складу дамарослымі выканаўцамі ў выніку дазволілі калектыву заваяваць золата чэмпіянату Беларусі. Першае, але далёка не апошняе - з тых часоў наш клуб не ведае роўных на ўнутранай арэне.

Пасля трыумфу на нацыянальным узроўні мінчукі пачалі выводзіць беларускі баскетбол з міжнароднай ізаляцыі. Першую спробу асвоіць еўрапейскую "цаліну" дружына пачала ў 2009 годзе. Тады ў Еўрачэленджы яна атрымала 2 перамогі ў 6 матчах і заняла 3-е месца ў групе. З тых часоў сталічны клуб кожны год удзельнічае ў кантынентальных спаборніцтвах.

Самым высокім дасягненнем "драконаў" на дадзены момант з'яўляецца выхад у чвэрцьфінал Еўрачэленджа ў сезоне-2013/14. З 2010 года наша каманда таксама ператварылася ў нязменнага ўдзельніка Адзінай лігі ВТБ. Першапачаткова дадзены турнір уяўляў сабой спаборніцтва, дзе ўдзельнічалі самыя моцныя калектывы Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Беларусі і іншых краін. Аднак у 2013-м ліга фактычна замяніла чэмпіянат Расіі, што ў сваю чаргу павысіла прэстыж і ўзровень спаборніцтва.

У дэбютным годзе мінчукі атрымалі 4 перамогі пры 6 паразах, давалі бой фаварытам і занялі 4-е месца з 6. Што тычыцца колькасці вікторый, то рэкордным стаў сезон-2015/16. У ім беларускі чэмпіён атрымаў 9 перамог. У гэтым жа сезоне "Цмокі" паўдзельнічалі ў новым турніры - Кубке ФІБА-Еўропа. Беларусы лёгка прайшлі ў другі этап, дзе, нажаль, і скончылі выступ. "Цмокам" не хапіла літаральна двух ачкоў: на хатняй пляцоўцы ў апошнім матчы другога этапа яны не ўтрымалі неабходную розніцу і прапусцілі наперад кіпрскі АЕК.

Адзначым, што вехавую серыю мінчукі кавалі пад "мадэрнізаванай" назвай. У верасні 2012-га "Мінск-2006" быў перайменаваны ў "Цмокі-Мінск" для павышэння маркетынгавай прывабнасці, а таксама прыцягнення ўвагі да беларускай культуры. Бо Цмок - гэта персанаж беларускай міфалогіі, які згадваецца яшчэ ў Статуце ВКЛ 1588 года. Апраўданасць рэбрэндынгу пацвердзіў сезон-2012/13 - "Цмокі" сталі адным з лідараў лігі ВТБ па наведвальнасці матчаў.

Паралельна з поспехамі мужчынскай каманды развіваўся і жаночы калектыў. З 2007 года ён нязменна ўваходзіў у лік прызёраў нацыянальнага чэмпіянату, але ў той жа час лічыўся і самай няўдачлівай дружынай першынства. Ці жарт, на рубяжы дзесяцігоддзяў мінчанкі тройчы выходзілі ў фінал чэмпіянату, аднак кожны раз саступалі. Зрэшты, у сезоне-2013/14 чорная паласа, нарэшце, змянілася белай. Абыграўшы "Гарызонт" з Мінскай вобласці ў чатырох сустрэчах, наша жаночая каманда ўпершыню заваявала золата чэмпіянату, а праз год паўтарыла поспех. Акрамя таго, у сезоне-2014/15 "драконам" скарылася і Балтыйская ліга. Ну а першы трафей яны заваявалі яшчэ ў 2010-м годзе - тады скарбніца дружыны папоўнілася Кубкам Беларусі.

Што тычыцца другой каманды "Цмокаў", то асноўнай яе задачай з'яўляецца падрыхтоўка маладых і таленавітых баскетбалістаў да будучых баталіяў. Нядзіўна, што дружына з'яўляецца базай для моладзевай (U-20) зборнай краіны. У прыватнасці, на чэмпіянаце Еўропы 2015 года ў дывізіёне "В" 11 з 12 гульцоў са складу беларусаў выступалі менавіта за "Цмокаў". Кіраваў жа калектывам трэнерскі штаб малодшых "драконаў". Пры гэтым праца на перспектыву не перашкаджае дасягненню імгненнага выніку. У чэмпіянаце-2011/12 другая каманда "Цмокаў" заваявала бронзавыя медалі. Праз два гады мінчукі паўтарылі поспех, ну а яшчэ сезонам пазней выйшлі ў паўфінал. Акрамя таго, хлопцы адсвяткавалі трыумф у Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лізе, перасягнуўшы па ўсіх артыкулах сваіх - у тым ліку і куды больш знакамітых - канкурэнтаў.

Спонсары і партнёры