Ключавы матч у Славакіі. Прэв’ю



Заўтра ў 19.00 па мінскім часе жаночая каманда «Цмокі-Мінск» згуляе са славацкім «Ружамберокам». Вынік матчу не паўплывае на лёс нашых суперніц, але вельмі важны для нашай каманды.

Перамога не дапаможа «Цмокам» падняцца вышэй трэцяга месца, але дазволіць прэтэндаваць на трапленне з трэцяга радку. Паводле рэгламенту турніру, каманды, што занялі 1 і 2 месцы ў групе, праходзяць у наступны этап (пры гэтым каманды з 1 па 8 месца адразу ў раўнд 16).

Да іх далучацца яшчэ 4 мацнейшыя з 3 месц (па 2 з кожнай канферэнцыі). За гэту чацвёрку і пазмагаюцца мінчанкі.

Што да «Ружамберока», то для іх гэта будзе матч прэстыжу. Славацкая каманда не здабыла ніводнай перамогі ў 5 сустрэчах і размясцілася на апошнім радку ў групе. Мабыць, самая прыкрая параза ў падапечных Юрай Суя здарылася ў апошняй сустрэчы Кубку з турэцкім «Хатаем». «Ружамберок», прайграючы па ходу сустрэчы 16 ачкоў, здолеў здзейсніць камбэк у апошняй дзесяціхвілінцы. І толькі непатрэбны фол на Хінд бэн Абделькадэр дазволіў гаспадыням вырваць перамогу ў адзін пункт. Мікаэла Фекетэ набрала ў гэтай сустрэчы 27 ачкоў і адзначылася 9 падборамі. Украінка Вольга Яцкавец адзначылася 20.

У нацыянальным першынстве Славакіі наш супернік ідзе без параз ужо ў 9 матчах запар.

Мяркуючы па папярэдніх хатніх гульнях, славацкая каманда не плануе арганізацыю прамой трансляцыі. На жаль, на гэтым этапе турніру стрым не з'яўляецца абавязковым для каманд-гаспадынь.