Ліга Чэмпіёнаў. АЕК



АЕК — грэчаскі мужчынскі баскетбольны клуб з горада Афіны. З'яўляецца часткай буйнага мультыспартыўнага клуба AEK.

AEK

Гісторыя
Клуб быў заснаваны ў Афінах у 1924 годзе грэчаскімі ўцекачамі з Канстанцінопаля пасля грэка-турэцкай вайны. Костас Дымопулас, адзін з заснавальнікаў спартовага клуба АЕК, задумаў стварыць баскетбольную каманду. Яго ідэя была падтрымана іншымі аматарамі баскетбола. Дымопулас узяў на сябе кіраўніцтва баскетбольным аддзелам клуба і разам з братамі Сімеанідзі, Эвменісам Атанасіадзісам і іншымі стварыў першую баскетбольную каманду клуба. Спачатку каманда брала ўдзел толькі ў таварыскіх гульнях, а трошкі пазней АЕК выйграў першы рэгіянальны чэмпіянат, які праводзіўся ў Афінах.

У 1928 годзе АЕК узяў удзел у першым чэмпіянаце Грэцыі па баскетболе. У 1929 годзе чэмпіянат не праводзіўся, і АЕК не гуляў ні ў адной лізе. У 1930 годзе баскетбольная каманда не была заяўлена ні на адным арганізаваным спаборніцтве, і высілкі Костаса Дымопуласа і яго сяброў пацярпелі няўдачу. Баскетбольная секцыя клуба доўгія гады заставалася ў невядомасці. Аднак, у 1949 годзе ён «паўстаў з попелу», і тагачасная адміністрацыя клуба стварыла новую канкурэнтаздольную каманду. У сезоне 1952–53 АЕК упершыню з 1928 года браў удзел у чэмпіянаце.

АЕК - адна з трох самых папулярных і паспяховых камандаў у Грэцыі (у тым ліку «Панатынаікос» і «Алімпіякос»), асабліва датычна еўрапейскіх дасягненняў. З мільёнамі заўзятараў у Грэцыі і на Кіпры, а таксама ў грэчаскіх грамадах па ўсім свеце, галоўным чынам у Аўстраліі, Злучаным Каралеўстве і Паўночнай Амерыцы.

АЕК быў першай грэчаскай баскетбольнай камандай, якая не толькі выйшла ў фінал Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў, але і выйграла тытул чэмпіёна Еўропы. 4 красавіка 1968 года AEK перамог «Славіа Высоке Школы Прага» з лікам 89–82 у Афінах на вачах у 80 000 фанатаў. Выйгралі грэчаскую лігу 8 разоў і 5 разоў Кубак Грэцыі, а таксама двойчы Кубак ФІБА Сапорта (былы Кубак уладальнікаў кубкаў). У траўні 2018 года АЕК выйграў Лігу чэмпіёнаў, калі перамог Манака з лікам 100–94. А паўгода пасля заваявалі Міжкантынентальны кубак ФІБА.

AEK быў названы лепшай грэчаскай камандай ува ўсіх відах спорту на узроўні спартовых клубаў ці нацыянальных зборных у 1965, 1966 і 1968 гадах SJA Грэцыі (Асацыяцыя спартовых журналістаў Грэцыі).

Склад
У заяўцы АЕКу на Лігу чэмпіёнаў значацца імёны 14 гульцоў, 5 з якіх легіянеры. Форвард Уладзімір Янкавіч уладальнік 2 грамадзянстваў: Сербіі і Грэцыі. Цікава, што грэчасккі клуб у міжсезонне захаваў касцяк замежнікаў, і такое рашэнне прынесла свае плады. АЕК дайшоў да фіналу Лігі Чэмпіёнаў, дзе саступіў «Сан-Пабла Бургас» (74:85).

AEK

Літовец Ёнас Мачуліс пачынаў сваю кар'еру ў «Жальгірысе», потым пагуляў у «Мілане», «Панатынаікосе», 3.5 гады ў «Рэал Мадрыдзе» і згуляў 9 гульняў у Адзінай Лізе ВТБ за «Лакаматыў». У АЕКе форвард праводзіць свой 3 сезон. За самыя моцныя клубы Грэцыі пагуляў 6 сезонаў бельгіец Мэт Лайескі. Мінулы год форвард пачынаў за турэцкую «Бурсу», з якой згуляў 10 матчаў у Еўракубку з сярэднімі паказнікамі ў 10.6 ачкоў, 2.9 падбораў, 2.6 перадач. А Нікалас Зісіс, які пачынаў сваю кар'еру 20 гадоў назад у АЕКе і паспеў пагуляць за ЦСКА і УНІКС добра знаёмы нашаму цэнтравому Уладзіміру Верамеенку: гульцы перасякаліся ў нямецкім «Брозэ Бамбергу».

Ключавыя гульцы
Кіт Лэнгфорт (#5) 37-гадовы амерыканскі абаронца хоць і не змог прывесці сваю каманду да золата ЛЧ, але ўжо паспеў накідаць 30 ачкоў «Хапаэлю». У яго кар'еры былі 2 гульні за «Сан-Антоніа Сперс», «Балоння», 3 сезоны ў «Хімках», 2 у «Мілане», 4 гады ў УНІКСе і год у «Панатынаікасе». Разыгроўца валодае шырокім баскетбольным арсеналам і небяспечны з кожнай кропкі пляцоўкі. Гулец на 4-м дзясятку з'яўляецца самым рэзультатыўным у складзе і праводзіць на паркеце амаль 30 хвілін.

AEK

Янік Марэйра (#2) Ангольскі цэнтравы ростам 2.05 будзе ствараць шмат праблем супернікам у фарбе. У свой час гулец спрабаваў прабіцца ў «Кліперс» праз летнюю лігу, але кантракт з клуба так і не быў падпісаны. Праз сезон па такім жа «маршруце» ён трапіў у «Раптарс», але праз 2 месяцы быў адлічаны. Сезон 2017/18 гулец правёў у добра знаёмай нам «ПАРМЕ», а потым перабраўся ў Грэцыю, дзе апроч АЕКа выступаў за «Перыстэры» і «ПАОК». У матчы супраць «Хапаэля» гулец адзначыўся дабл-даблам з 18 ачкоў і 10 падбораў за 22 хвіліны.

Нікас Гкікас (#20) Грэчаскі разыгроўца трапіў у наш топ хутчэй авансам. У мінулым сезоне ён дапамагаў сваёй камандзе ўсяго толькі 5.9 пунктамі за гульню. Затое з Ізраілем Гкікас адзначыўся 15 ачкамі. Сваю ролю ў гэтым згуляла высокая дзейснасць з лініі штрафу (6 з 7). У цэлым, трэнерскі штаб не вельмі давярае мясцовым гульцам, так што 23 хвіліны на паркеце ў матчы Лігі Чэмпіёнаў – гэта адмысловы рэверанс у бок мясцовых гульцоў.

Трэнер
Ужо другі сезон запар кіруе камандай мясцовы спецыяліст Іліяс Папатэадору. За яго плячамі працы з моладзевымі камандамі Грэцыі, а таксама «ПАОК», сезон у «Астане», і пары гадоў у «Неа Кіфісіі».

AEK

Наша каманда
«Цмокі» адправіліся ў Грэцыю без Аляксандра Пустагвара, які працягвае аднаўляцца пасля хваробы. Матч супраць «Аўтадора» паказаў, што і ў іншых хлопцаў ёсць пытанні. Усё-такі правесці на паркеце 20+ хвілін пасля віруса апынулася не так проста, асабліва ў графіку 3 гульні за 7 дзён.

Ці змог неяк па-хітраму вырашыць гэту праблему Расціслаў Вяргун, даведаемся ўжо сёння. Гульня пачнецца ў 20.30 па мінскім часе. На жаль, прамая трансляцыя будзе даступная толькі платна на відэа-сэрвісе Лігі Чэмпіёнаў. У 21.50 матч пакажа тэлеканал Беларусь-5.