Ліга Чэмпіёнаў. Шале



Заўтра «Цмокі-Мінск» адкрыюць новы каляндарны год матчам Лігі Чэмпіёнаў супраць французскага «Шале». Нагадаем, што ў першай сустрэчы мінчане апынуліся мацнейшымі. Дэталёвей пра склад і трэнера можна пачытаць у нашым тэксце па спасылцы, а сёння мы паглядзім, якія змены адбыліся з камандамі з той пары.

Cholet

Склад
У Мінск французы прыехалі адразу пасля таго як перахварэлі COVID-19, а на пасляматчавай прэс-канферэнцыі трэнер скардзіўся на лакдаўн у краіне. Але нягледзячы на змушаную паўзу клуб працягнуў працаваць на трансферным рынку і 20 лістапада абвясціў пра падпісанне Аарана Джонса. Амерыканскі форвард пагуляў у Германіі, Балгарыі, Дамінікане, Фінляндыі, Кітаі і Ізраілі, а бягучыя сезон пачынаў у «Більбаа». У Лізе Чэмпіёнаў ён згуляў за французаў у матчы супраць АЕКа: правёў на паркеце 32 хвіліны і паспеў адзначыцца 9 ачкамі, 5 падборамі,2 блок-шотамі і 2 перахопамі.

А ўчора стала вядома, што ў каманду вяртаецца Крыс Хортан, які пагуляў за «Шале» летась. Сезон 2020/21 амерыканскі форвард пачынаў у іншай французскай камандзе «Граўлін Дзюнкерк», дзе правёў 5 матчаў з сярэднімі паказнікамі ў 10 ачкоў, 7.8 падбораў, 4 перадачы, 1.2 перахоп і 1.2 блок-шот.

Ключавыя гульцы
Джэры Блэйкс (#23) Атакуючы абаронца правёў не самыя якасныя сустрэчы супраць АЕКа. Аднак, дзякуючы 24 ачкам у матчы супраць «Халона» і 15 - супраць нашай каманды, ён з'яўляецца самым рэзультатыўным у складзе (14.3 ачкі, 5 падбораў, 3.3 перадачы).

Cholet
 
Майкл Стоктан (#20) Важны гулец у ростары «Шале». Разыгрываючы праводзіць на паркеце ў сярэднім 33 хвіліны і дапамагае камандзе 9 ачкамі, 2 падборамі і 5.8 перадачамі. У Мінску падапечныя Расціслава Вергуна нядрэнна справіліся с задачай «спыніць Стоктана» - гулец набраў 9 ачкоў і аддаў 7 перадач. Для параўнання, у адзінай пераможнай гульні «Шале» у ЛЧ супраць АЕКа амерыканец набраў 14 ачкоў і зрабіў 6 перадач.

Ласан Кромах (#24) Атакуючы абаронца здольны закідаць кош суперніка з перыметра і дапамагае сваёй камандзе ў сярэднім 14 ачкамі. Гэта другі паказнік у камандзе. Цікава, што менш за ўсё (11 пунктаў) ён набраў у гульні супраць мінчан. А больш за ўсё (22 пункты) – супраць АЕКа. Тады амерыкана-ліберыйскіх гулец трапіў 3 з 5 з дугі.

Турнірнае становішча
Пасля матча ў Мінску «Шале» саступіў і «Халону» (63:73), і АЕКу (81:83). І калі здавалася, што шанцаў на выхад для французаў амаль не засталася, яны ўзялі і выйгралі на выездзе лідара групы грэчаскі АЕК (79:70). Гэты вынік хоць і не дазволіў камандзе сысці з апошняга радка ў групе, але захаваў шанцы на плэй-оф.

Адзначым, што ў снежні «Шале» правёў і 2 гульні нацыянальнага чэмпіянату. У абедзвюх сустрэчах мацнейшым апынуўся наш заўтрашні супернік.

«Цмокі-Мінск»
«Цмокі» паляцелі ў Францыю аблегчаным складам. Пад канец снежня каманду пакінуў Арцём Парахоўскі, а Клавс Чаварс і Уладзімір Верамеенка працягваюць сваё аднаўленне пасля пашкоджанняў. Замест іх у склад вярнуўся Аляксандр Пустагвар. Такі расклад – шанец для маладога Дзяніса Вікенцьева. Ці зможа ён ім скарыстацца, даведаемся ўжо заўтра ў 22.30 па мінскім часе. Прамую трансляцыю шукайце на тэлеканале Беларусь 5.