Ліга Чэмпіёнаў. Хапаэль Халон



«Хапаэль» — ізраільскі баскетбольны клуб з горада Халон, частка спартовай асацыяцыі «Хапаэля». Клуб гуляе ў Лізе ха-аль, вышэйшым дывізіёне Ізраілю.

Hapoel

Гісторыя
Клуб быў заснаваны ў 1947 годзе. У 1954 годзе ўзяў удзел у першым сезоне вышэйшага дывізіёна і заняў другое месца па выніках гульнявога года. У далейшым каманда яшчэ двойчы заваюе срэбра нацыянальнага першынства.

Напачатку XXI стагоддзя каманда перажывала фінансавы крызіс. Па выніках сезону 2000/01 яна пакінула вышэйшы дывізіён, а потым і зусім апусцілася ва Ўсеізраільскую лігу, трэцюю па ўзроўню.

Халон вярнуўся ў элітны дывізіён пад канец сезону 2006/07, пайграўшы 7 гадоў у другім і трэцім дывізіёнах, ён скончыў рэгулярку на вяршыні табліцы. Каманда выйшла ў фінал плэй-оф, дзе перамагла «Макабі Тэль-Авіў» з лікам 73:72 і заваявала сваё першае чэмпіёнства. Гэта быў першы выпадак за 14 гадоў, калі «Макабі Тэль-Авіў» саступіў у фінале.

Клуб шэсць разоў выходзіў у фінал Кубка Ізраіля, але не выйграваў тытул ні разу да 2009 года, калі Браян Толберт закінуў 3-х ачковы кідок з фінальнай сірэнай, прынясучы перамогу клубу з лікам 69:68 над «Макабі» з Хайфа. Наступны свой кубак Халон выйграе толькі ў 2018 годзе.

З незвычайнага: на фоне нявызначанасці з нацыянальным чэмпіянатам 12 камандаў, уключаючы «Хапаэль» заявіліся ў Балканскую Лігу. Так што клуб цяпер гуляе адразу ў трох турнірах.

Склад
У радах «Хапаэля» адразу 5 замежнікаў з ЗША і Уругвая. Але не ўсё так проста: яшчэ 4 гульцы – уладальнікі падвойнага грамадзянства. Так, Рычард Хауэл нарадзіўся ў Марыеце, штат Джорджыя, і гуляў у Францыі, Італіі Ізраілі і на Філіпінах. За 19 хвілін у матчах ЛЧ ён прыносіць 4.5 ачка сваёй камандзе.

Фрыдэрык Бардзіён з французскага Грас праводзіць свой 4 сезон у Ізраілі, Вілі Воркман з Норсгемптана, Масачусэтс - 8 сезон. Апошні да гэтага пагуляў за «Макабі Хантар», «Макабі Ашдод», «Хапаэль Тэль-Авіў» і «Хапаэль Казрын».

Толькі «паляк» Адэд Брандвейн уладальнік другога пашпарта па народзінах у Ізраілі. Праўда ён не карыстаецца даверам трэнера: гулец праводзіць па 2.5 хвіліны ў сярэднім на паркеце.

Слабое месца «Хапоеля» падбор. Але калі дазволіць ізраільцянам вольна кідаць з перыметра, то гэтага мінуса вы нават не заўважыце.

Ключавыя ігракі
Сі Джэй Харыс (#11) Амерыканскі шутар паказвае неверагодную рэзультатыўнасць у матчах ЛЧ. Супраць АЕКа гулец адзначыўся 27 ачкамі, а супраць «Шале» -  25. Адсотак дакладных трохачковых кідкоў у сярэднім – 54.5. Самае цікавае, што гэта ўсяго толькі трэці паказнік у камандзе! У кар'еры Харыса былі клубы з Германіі, Турцыі і Польшчы. А ў сезоне 2014/15 згуляў 8 матчаў Адзінай Лігі ВТБ за ВЭФ.

Hapoel

Ісаія Майлс (#32) Амерыканскі форвард даволі доўга спрабаваў прабіцца ў НБА праз летнія турніры і нават падпісаў кантракт з Філадэльфіяй летась, але нешта не зраслося. Затое ў Ізраілі справы ідуць выдатна. Майлс прыносіць сваёй камандзе ў сярэднім 20 ачкоў у Балканскай Лізе, і 14.5 у Лізе Чэмпіёнаў. Адсотак яго дакладных кідкоў з перыметра вагаецца ў раёне 60.

Крыс Джонсан (#4) Яшчэ адзін амерыканскі форвард, які паспеў пабадзяцца па клубах НБА. Праўда ў адрозненні ад Майлса Джонсан выходзіў на паркет у самай моцнай лізе свету. У Халон амерыканец прыйшоў з французскага «Бург Баскета». У Джонсана не ўсе складалася ў матчы з «Шале» (0 з 4 з перыметра), але затое ён быў дакладны ў матчы супраць АЕКа. У сярэднім гулец набірае 13 ачкоў у ЛЧ.

Галоўны трэнер
Кіруе камандай дасведчаны грэчаскі спецыяліст Стэфанас Дэдас. Яго трэнерская кар'ера пачалася 20 гадоў назад у «ПАОКе», дзе ён быў асістэнтам. Пасля некалькіх гадоў у Грэцыі трэнер перабраўся ў расійскі «Спартак» і правёў там 2 сезоны ў якасці памочніка. Новая прыступка ў кар'еры здарылася ў сезоне 2015/16 у Турцыі, калі Дэдас узначаліў «Роял Халы Газіянтэп». Зараз трэнер прымярае на сябе ролю галоўнага ў ізраільскай камандзе.

Hapoel

Становішча ў турнірнай табліцы
Як і мы Ізраіль правёў 2 матчы Лігі Чэмпіёнаў. «Хапаэль» спачатку саступіў АЕКу з розніцай у 4 пункты, а потым перайграў «Шале» (73:63).

Матч «Хапаэль» - «Цмокі-Мінск» пачнецца заўтра ў 20.30 па мінскім часе. Тэлеканал «Беларусь 5» абяцае паказаць гульню ў прамым эфіры.