Максім Лютыч далучыўся да асновы



Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» і Максім Лютыч працягнуць супрацу. Гулец папоўніць рады асноўнага складу.

Максім правёў у сістэме «Цмокаў» чатыры сезоны: два гады форвард выступаў за «Цмокі-2» і два - за рэзервовую каманду. У мінулым гульнявым цыкле ён заваяваў бронзу чэмпіянату краіны, набіраючы ў сярэднім за гульню 9.4 ачкі, 7.4 падборы і 1.3 асісты. Па падборах форвард быў лідарам сваёй каманды.

Максім таксама з'яўляецца ўладальнікам бронзавага медалю II Еўрапейскіх гульняў па баскетболе 3х3.

Як і іншыя маладыя гульцы, Лютыч можа прыцягвацца ў рэзервовую каманду па ходзе сезону для падтрымання гульнявой практыкі.