Маладзёжка саступае БДУІРу



Моладзь «Цмокі-Мінск» заканчвае гэты сезон змаганнем за 5 месца чэмпіянату Беларусі. У суперніках не самая простая каманда з БДУІРа. А страта аднаго з самых рэзультатыўных гульцоў каманды Вадзіма Траццяка робіць гэту задачу ўдвая няпростай.

Першая гульня пачалася для гаспадароў нядрэнна: «Цмокі» намаганнямі Аляксея Наводчыка, аформілі рывок 9-1, дзе 7 ачкоў былі на ліку абаронцы. А далей у гульні нашай каманды здарыўся правал: прайграны падбор, страты і нізкая рэалізацыя вымусілі трэнерскі штаб двойчы за чвэрць звярнуцца да тайм-аўту. Праўда, сітуацыю гэта не выратавала і да вялікага перапынку «Цмокі» адставалі на 13 ачкоў.

15-хвілінная паўза пайшла на карысць падапечным Георгія Кандрусевіча ўжо з першых хвілін другой паловы сустрэчы гаспадары накацілі на суперніка і змаглі скараціць адставанне да 1 ачка, але выдаткавалі на гэтым зашмат сіл. «Цмокі» дазволілі суперніку набраць зашмат хуткіх ачкоў і незупынілі скорара радыётэхнікаў Максіма Казлаўца, які набраў 30 ачкоў за гэты матч.

72:87 і лік у серыі робіцца 0-1 на карысць «Імпульсу». Другая гульня пройдзе ў суботу ў 14.00 таксама на Уральскай, 3а.