Месяц баскетболу 3x3



Пакуль клубны баскетбол узяў паўзу на міжсезонне, прадстаўнікі нашых каманд не адпачываюць, а працягваюць працаваць. Сяргей Вабішчэвіч, Мікіта Мешчаракоў, Дзмітрый Паляшчук, Андрэй Рагазенка, Данііл Барысевіч, Аляксей Навойчык, Максім Лютыч, Цімур Друкаў, Кацярына Рыбалка, Яўгенія Сцяпанава, Кацярына Карчэўская, Ганна Лапо ды Анастасія Сушчык не толькі выкліканы на зборы нацыянальных зборных, але ўжо паспелі «засвяціцца» на міжнароднай арэне.

Мы ўжо пісалі, што мужчынская каманда «Беларусь» годна выступіла на турніры ў Калінінградзе, стаўшы бронзавым прызёрам. Пасля гэтага беларусы атрымалі запрашэнне ўзяць удзел у больш статутным чэленджары «Цінькоф Москаў», які пройдзе 7-8 чэрвеня. Наша чацвёрка атрымала ўайлд-карт і павінна будзе прайсці праз кваліфікацыйны адбор. У пятніцу мінчане правядуць дзве сустрэчы, па выніках якіх і вызначыцца іх лёс. У суперніках за выхад ў наступны этап – «Сасновы бор» і «Вэнтспілс».

3_3

Нядрэнна ідуць справы і ў моладзі: мужчынская каманда да 23 гадоў у складзе Андрэя Рагазенкі, Максіма Лютыча, Цімафея Паралёва і Валянціна Назарава стала другой на 1 і 2 этапах Лігі Нацый, жаночая ў складзе Ганны Лапо, Анастасіі Сушчык, Кацярыны Рыбалка і Наталлі Гарбачовай двойчы спынялася ў кроку ад фіналу і займала 3 і 4 радкі.

3_3

Наступныя этапы турніру пройдуць 15 і 16 чэрвеня ў Маскве і 12-14 ліпеня ў Ічане.

А вось мужчынская каманда U-18 прама зараз знаходзіцца на Чэмпіянаце свету ў Манголіі. Падначаленыя Дзмітрыя Калтунова саступілі Грузіі і Манголіі, а заўтра выйдуць на пляцоўку з ЗША і Латвіяй.

3_3

Але галоўнымі спаборніцтвамі для беларускіх камандаў стануць Еўрапейскія гульні. Зборныя з 16 краін на Palova-арэне будуць разыгрываць медалі з 21 па 24 чэрвеня. Тэставым спаборніцтвам напярэдадні вялікай спартовай падзеі стане фінал чэмпіянату Беларусі па баскетболе 3х3. З раскладам турніру можна азнаёміцца на сайце Беларускай федэрацыі баскетбола.

Фота bbf.by