Мы - гэта Мінск! Месца з прывідам



У нашай пастаяннай рубрыцы мы так шмат пішам пра паркі і спартовыя арэны, што сённяшняя гісторыя выглядае асаблівай і незвычайнай. Але ад гэтага не менш цікавай. Максім Папкоў даслаў нам сваю гісторыю пра Кальварыйскія могілкі:

Так атрымалася, што мне пашчасціла нарадзіцца і расці поруч з адной са старэйшых і самай атмасфернай выбітнасцю Мінска – Кальварыйскімі могілкамі. І гэта маё любімае месца ў Мінску.

Па афіцыйнай версіі, могілкі былі заснаваны ў 17 стагоддзі. Па іншых дадзеных пахавання на гэтым месцы вядуцца ўжо больш 600 гадоў! Для аматараў гісторыі накшталт мяне – гэта сапраўдны падарунак. Тут можна знайсці надпісы на ўсіх мовах, на якіх калі-небудзь размаўлялі ў Мінску: рускай, беларускай, польскай, нямецкай, ідышы і іншых. Салдаты напалеонаўскага войска, аўстрыйскія, нямецкія, польскія і савецкія салдаты, паэты, пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы і проста шляхетныя мінчукі – усё яны знайшлі тут свой апошні прытулак. Цэлы падручнік па гісторыі навочна!

Ёсць на Кальварыі і свой прывід. Белую фігуру маладой дзяўчыны і цяпер можна ўбачыць гуляючай паміж дрэвамі лістападаўскімі вечарамі.
 
Апроч таго, на Кальварыі проста вельмі прыгожа. У часы свайго заснавання Могілкі знаходзіліся за межамі горада, на гасцінцы, які ў тыя часы звалі Ракаўскім. Нават цяпер, стаўшы на скрыжаванні вуліц Кальварыйская і Ціміразева, можна ўбачыць, як дарога ідзе наўпрост да Кальварыйскіх каўняроў. Дарэчы, у часы пракладкі вуліцы Прытыцкага, у 60-я гады мінулага стагоддзя, Кальварыйскі касцёл і частку могілкаў збіраліся знесці, але, на шчасце, перадумалі і сёння вуліца Прытыцкага плыўна агінае гэта гістарычнае месца.

Мой бацька, які рос у Мінску ў 60-я 70-я гады (Кальварыйскі касцёл тады не дзеяў), расказваў мне, як быўшы дзіцём ён блукаў па катакомбах і падземных хадах, змесцаваных пад Храмам. Ходзяць легенды, што Кальварыйскі касцёл звязаны падземным ходам з іншым найстарэйшым храмам Мінска - Кафедральным саборам Спаслання Святога Духу, які знаходзіцца на Нямізе. Бацька казаў мне, што да канца падземных хадоў пад Кальварыйскім касцёлам так ніхто і не дахадзіў.

Верыць ці не – справа кожнага. Мне чамусьці хочацца верыць.

Мы дзякуем Максіму за гісторыю і абяцаем уручыць нашу фірмовую футболку на бліжэйшым хатнім матчы. А ўсіх астатніх заклікаем дасылаць свае гісторыі пра любімыя месцы ў горадзе, бо гэта ўнікальная магчымасць стаць першымі ўладальнікамі сертыфіката на сезонныя абанементы нашай каманды.

І памятайце, Мінск – гэта мы!