Мы – гэта Мінск! Ліцэй БДУ



Міраcлаў Колас дзеліцца сваёй гісторыяй пра любімае месца Мінску. А мы з удзячнасцю публікуем гісторыю:

Адным з маіх найлюбімейшых месцаў у Мінску з’яўляецца мая навучальная ўстанова - Ліцэй БДУ, які мае сваю неверагодную атмосферу свабоды і творчасці, шчырага сяброўства і агульнай узаемападтрымкі. Напрыканцы 9-га класа я доўга вагаўся: ці трэба мне паступаць у Ліцэй, ці здолею я праявіць сябе сярод лепшых вучняў з самых розных куткоў нашай краіны? Нарэшце, вырашыў рызыкнуць. І потым мне ніколі не давялося шкадаваць аб сваім рашэнні. Ліцэй – гэта не проста месца, дзе ты 2 гады вучышся і атрымліваеш адукацыю, Ліцэй – гэта стыль жыцця. Ліцэй – гэта месца, дзе настаўнікам вельмі лёгка зразумець вучняў, таму што шмат выкладчыкаў самі не так даўно скончылі гэту неверагодную навучальную ўстанову. Ліцэй – гэта найлепшая ў Беларусі пляцоўка для самаразвіцця, дзе усе змогуць знайсці сабе занятак па душы. Ліцэй – гэта вялікая сям’я яго вучняў, дзе кожны па-свойму цікавы і ўнікальны. Калі зусім юны 10-класнік прыходзіць у Ліцэй, ён ганарыцца, што здолеў вытрымаць вельмі сур’ёзны конкурс і патрапіць у самую прэстыжную навучальную ўстанову краіны. Але вельмі хутка забывае пра гэта і проста атрымлівае асалоду ад ліцэйскай атмасферы, якую немагчыма адчуць ні ў адным іншым месцы.

 

BSU

Ліцэй БДУ знаходзіцца ў самым сэрцы Мінску, побач з легендарным стадыёнам “Дынама”, Кастрычніцкай плошчай, канцэртнай залай “Мінск” і іншымі вельмі знакавымі для нашай сталіцы месцамі. Будынку Ліцэя ўжо споўнілася 20 гадоў, але негледзячы на гэта ён і сёння выглядае вельмі маладым, быццам толькі ўчора тут абыліся першыя заняткі, першыя сустрэчы новых вучняў паміж сабой. Пад маімі словамі гатовы падпісацца кожны, каму калі-небудзь давялося вучыцца ў Ліцэй БДУ: адукацыя ў гэтым цудоўным месцы займае ўсяго два гады, але назаўсёды змяняе чалавека, дапамагае яму заўсёды дабівацца сваіх мэтаў у жыцці, ісці да поспеху. Ліцэй – гэта лепшае, што можа здарыцца ў жыцці маладога таленавітага беларуса. Ліцэй – гэта назаўсёды.


Мы дзякуем Міраславу за гісторыю і ўжо рыхтуем нашу фірмовую футболку. Дасылайце свае гісторыі і забірайце нашу стыльную атрыбутыку. А ў канцы сезона мы разыграем сертыфікат на два абанемента на хатнія матчы «Цмокаў».

І не забывайце, што Мінск – гэта мы з вамі!