Мы – гэта Мінск! Палац спорту



Вясна – файны час для доўгіх шпацыраў і магчымасць паглядзець на свой любімы горад па-іншаму. А нашы гісторыі пра лепшыя месцы Мінску вам у гэтым дапамогуць. Так, сваёй гісторыяй даўжынёю амаль у 30 год падзяліўся наш заўзятар Генадзь Савіч.

На маю думку, Палац спорту і набярэжная ракі Свіслач навакол яго былі і ёсць адной з найбольш характэрных мясцін Мінску. Заўседы, калі я знаходжуся каля мінскага Палацу спорту, на памяць усплывае пякучы май 1979 года, выпускны 10-ты клас. І фотаздымак на ягоных прыступках – адзіны фотаздымак, на якім усе мы разам: пяць сяброў-аднакласнікаў удзельнікаў школьнага музычнага гурта (як тады яны называліся – ВІА).

Sports

У часы майго школьнага юнацтва не было яшчэ ні Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы, ні шматлікіх сучасных залаў (у тым ліку – утульнай Фалкан Клаб Арэны) ні, нават, канцэртнай залы “Мінск”. Таму ўсе значныя спартыўныя спаборніцтвы і канцерты вядомых выканаўцаў, якія наведвалі Мінск, адбываліся менавіта ў Палацы спорту. Палац спорту на Паркавай магістралі, а потым – праспекту Машэрава (ранейшыя назвы сённяшняга праспекта Пераможцаў), з’яўляўся кропкай прыцягнення для многіх жыхароў Мінску. Не вельмі выдатны па архітэктуры, збудаваны па тыповаму савецкаму праекту, для мяне Палац спорту быў і застаецца адным з сімвалаў Мінску. А набярэжная Свіслачы заўсёды была прыгожым утулкам прыроды амаль у самым цэнтры сталіцы.

Sports

Палац спорту на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў быў асноўнай спартыўнай і канцэртнай пляцоўкай Мінску. Можна казаць – ён быў спартыўнай і культурнай Мекай для мінскай моладзі. На маю памяць, у ім праходзілі гульні мінскага “Дынама” па хакею с зоркавымі маскоўскімі ЦСКА, “Дынама” і “Спартаком”, чэмпіянат свету па барацьбе, іншыя спаборніцтвы. І гісторыя беларускага баскетболу – мінскі РТІ таксама гуляў на гэтым паркеце.

Хіба можна забыць навагоднія прадстаўленні для школьнікаў, на якія мы прыязджалі ўсім класам, з абавязковымі па іх заканчэнні падарункамі кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы? А канцэрты культавай для моладзі таго часу «Машины времени» ў далёкім ужо 82-ім? Усяго і не ўспомніць адразу…

Sports


За апошнія гады наваколле Палаца спорту яшчэ больш упрыгожылася. Як прыемна ціхім летнім ранкам праехаць на ровары па веладарожцы, а ўвечары пад плёскат фантанаў сядзець на прыступках насупраць Свіслачы і назіраць актыўнасць сучаснай моладзі.

Цяпер я са сваім 17-гадовым сынам з задавальненнем наведваю гульні “Цмокаў” ў Фалкане. Мы разам хвалюемся напачатак кожнай сустрэчы, разам падтрымліваем любімую каманду на працягу гульні, разам цешымся удалым дзеянням гульцоў, разам перажываем паразы. Але, эмоцыі і хваляванні, адбітыя ва успамінах 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя, назаўсёды стварылі для мяне Палац спорту адным з сімвалаў Мінску, месцам, куды прыемна прыходзіць яшчэ і яшчэ…

Sports


Палац спорту і сёння працягвае адбіваць сваю істотную ролю у жыцці Мінску. Яго зала як і раней прымае значныя спартыўныя падзеі. Не так часта гэта адбываецца, але мне заўсёды вельмі прыемна зноў апынуцца у яе утульнай зале і падтрымаць любімую каманду. А пасля заканчэння гульні выйсці на асвечаныя светадыёднымі ліхтарыкамі прыступкі і зноў адчуць сябе сямнаццацігадовым юнаком, закаханым у свой родны горад, яго будынкі, вуліцы і яго жыхароў.

Мы – тое, што назаўседы застаецца ў нашай памяці, што перададзім сваім нашчадкам.

Мы – гэта Мінск!

Мы дзякуем Генадзю за аповед. А ўсіх астатніх заклікаем дасылаць свае гісторыі пра любімыя месцы ў горадзе, бо гэта ўнікальная магчымасць стаць першымі ўладальнікамі сертыфіката на сезонныя абанементы нашай каманды.