Мы - гэта Мінск! Востраў слёз



Усе менш часу да сканчэння нашага гарадскога конкурсу, а мы яшчэ расказалі не пра ўсе месцы любімага Мінску. Сёння нам дапамагае ў гэтым Алена Радаман.

Мне было гадоў 11, калі я ўпершыню прыехала на экскурсію ў Менск, з горада, у якім толькі нядаўна перасталі маляваць афішы гуашшу. Гэта быў вялікі аўтобус на сорак школьнікаў у суправаджэнні дарослых. Мы ехалі ў "Цырк маленькіх зорачак", у якім прадстаўленне давала трупа карлікаў. І каб не вазіць нас двойчы нам вырашылі паказаць Менск - сталіцу Беларусі.

Minsk

Ужо на ўездзе ў горад я прыціскалася да вакна, разглядаючы вуліцы, будынкі, людзей і цалкам выпадаючы з гулу аднакласнікаў. Усё здавалася вялікім, пампезным і прыбраным, як у тэлевізары. Пераехаць жыць сюды было за мяжой летуценняў падлетка з правінцыі. На той момант гэта бачылася вялікай і недасяжнай мэтай, хутчэй падобнай да мары. Марыць не шкодна, і я ўяўляла маё жыццё ў дзівосным горадзе, адным вухам слухаючы экскурсавода. Зараз ужо не ўзгадаю, дзе быў наш першы прыпынак, але, відавочна, ён мяне ўразіў не вельмі. Што я запомніла добра і яскрава, дык гэта мемарыял на "Востраве слёз", які быў адкрыты нядаўна, і Траецкае прадмесце.

Minsk

Ледзь ступіўшы на гарбаты мост, які вядзе на "Востраў слёз", я ператварылася ў слых і суперажыванне. Мяне ўразілі факты аб афганскай вайне: колькасць загінуўшых, працягласць і адсутнасць сэнсу. Па пухлых маіх шчоках градам каціліся слёзы, калі нам распавядалі пра сімвалізм, закладзены у мемарыял. Капліца, афганская зямля, званы, выявы жанчын-маці, анёлак, які плакаў, стол для памінання - кожны элемент на востраве прасякнуты сэнсам і асаблівым пасланнем. Фантазія ўжо працавала на ўсю і ў маёй галаве Свіслач таксама была "наплакана" жанчынамі, якія страцілі сваіх абаронцаў. Класны кіраўнік нават спалохаўся такой эмацыйнасці. Выратаваць сітуацыю дапамаглі абдымкі і ... Траецкае прадмесце.

Minsk

Мы вярнуліся на "вялікую зямлю" па тым жа гарбатым мастку. Магчыма, не засталося сіл, магчыма, нешта іншае, але я зусім не слухала аб Траецкім прадмесці ў той дзень. Нічога не даведалася, усё толькі адчувала. Падчас шпацыру па бруку Траецкага ўнутры адчуваліся супакаенне, бяспека і ціхамірнасць. Чым слухаць пра тое, хто дзе жыў і ў які час, якому класу належыла мясцовасць і пра рынак, які тут быў, значна цікавей было разглядаць камяні пад нагамі, зазіраць у вокны і вывучаць расколіны на сценах. Час застыў у гэтай гронцы старых дамоў, якія здаваліся мудрымі "пенсіянерамі" у суседстве з сучаснымі будынкамі. Тады для маленькай мяне Траецкае здавалася вялікім і прыязным, якое прываблівае сваёй гісторыяй, не падпарадкоўваецца агульным законам часу і моды. Дахоўка і балкончыкі з вяроўкамі для бялізны, масіўныя ўваходныя драўляныя дзверы і каваныя брамкі, маленькія вокны і ў іх высокія столі... і нічога не адчыніць, ды не дакрануцца, не пазнаць бліжэй. Заставалася толькі ўяўляць!

Minsk

Я скончыла школу і паехала спачатку паступаць, а потым вучыцца ў горад, пра які марыла цінэйджарам. Усё атрымалася і месцы, так моцна ўразіўшыя мяне, сталі бліжэй. За што я люблю іх? Калі сумна і цяжка, стогн у струнах капліцы на "Востраве слёз" нагадвае пра сапраўднае гора, якое перажылі жанчыны, якія атрымалі родных у цынкавай вопратцы. Тады твая ўласная туга становіцца толькі часовай бязладзіцай, якая хутка скончыцца, але тут можна паплакаць аб ёй. Калі здаецца, што нічога больш не натхняе і руціна душыць імкненне да новага, варта прыйсці ў Траецкае, каб нагадаць тое дзіцячае захапленне. За гэты час месца стала для мяне больш блізкім і зразумелым. Ва універсітэце мы хадзілі ў майстэрню мастака, якая размешчана пад самым дахам аднаго з дамоў і столі там на вышыні каля чатырох метраў. Пазней мой сябар заснаваў стартап і прапанаваў мне працаваць разам. Амаль паўгады мы працавалі ў кватэры ў Траецкім. У адным пакоі ён жыў, у другім быў наш офіс. Кожную раніцу я адчыняла каваную брамку, набірала код на замку масіўных драўляных дзвярэй, піла каву на балконе з вяроўкамі для бялізны і напаўнялася ад гэтага натхненнем і ўпэўненасцю, што ўсё атрымаецца. І ўсё атрымліваецца. Крок за крокам. Таму што ў мяне ёсць месца сілы ў горадзе, які я люблю.

Minsk

Мы дзякуем Алене за аповед. А ўсіх астатніх заклікаем дасылаць свае гісторыі пра любімыя месцы ў горадзе, бо гэта ўнікальная магчымасць стаць першымі ўладальнікамі сертыфіката на сезонныя абанементы нашай каманды.

І помніце, Мінск – гэта мы!