На адлегласці кідка



Самыя рэзультатыўныя:
«Цмокі-Мінск»: Рэйчал Тэрыёт (18+5 падбораў), Адэра Чыдом (16+5 падбораў), Вікторыя Гаспер (12+8 падбораў)
«Хатай»: Хэйлі Пітарс (16+5 падбораў), Марыса Гажыч (17+10 падбораў), Хінд Бэн Абделькадэр (15)

«Цмокі» зводзяць да мінімуму шанцы на выхад з групы, саступіўшы «Хатаю» - 66:67 (24-15, 18-18, 18-17, 6-17).

Апошнюю хатнюю гульню Кубку ФІБА-Еўропа «Цмокі» пачалі не вельмі ўпэўненымі дзеяннямі, паспеўшы і мяч страціць і ў 24 секунды не ўкласціся. На імгненне здалося, што ў мінчанак не атрымлівалася намацаць сваю гульню. Але дакладныя кідкі з перыметра ад Рэйчал Тэрыёт і Кацярыны Рыбалка вярнулі гаспадарынь у гонку. А лэй-ап Вікторыі Гаспер увогуле вывеў гаспадынь наперад. Да вялікага перапынку «Цмокі» якаснай абаронай не дазволілі турэцкай камандзе наблізіцца ў ліку і скончылі палову з перавагай у 9 ачкоў.

Старт трэцяй чвэрці пачаўся рыўком «Хатая» 9-0 і серыяй нашых памылак. Лік на табло стаў 42-42. Не вядома, ці ўспомніў у гэту секунду наш трэнерскі штаб першую гульню ў Турцыі, але Андрэй Ваўлеў не завагаўся і не ўзяў тайм-аўт. Каманда такі давер апраўдала: Тэрыёт трапіла з дугі, Ала Мураўская здзейсніла блок-шот на кідку Хэйлі Пітарс. А потым яшчэ двойчы была дакладная з перыметра. Да апошняга адрэзка «Цмокі» вялі «+10» - 60:50.

Ключавой стала чацвёртая чвэрць, калі ў «Хатая» атрымалася не проста згуляць у абароне, але і злавіць падапечных Ваўлева на памылках. Наша каманда адзначылася ў гэтай чвэрці толькі 6 пунктамі, 3 з якіх – дакладны кідок з перыметра ў выкананні Рэйчал. Кацярына Хатдзідакі ўзяла тайм-аўт, пасля якога «Цмокі» здзейснілі 2 страты на роўным месцы. Адна з такіх памылак прыводзіць да перавагі ў 1 ачко на боку «Хатая». Ні тайм-аўты, ні памылкі зараз ужо гасцей не дазволілі нашай камандзе адыграць гэта маленькае, але адначасна такое вялікае адставанне за 3 астатнія секунды.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Андрэй Ваўлеў:
Гэта была добрая гульня для гледачоў і заўзятараў. Пад канец сустрэчы мы здзейснілі 2 ключавыя памылкі: на роўным месцы, без якога-небудзь ціску. Але гэта баскетбол, ён складаецца з гэтага: хто менш памыліўся, той і перамог. Сёння гэта «Хатай».

Нагадаем, што каманды, якія занялі 1-2 месцы ў сваіх групах, гарантавана праходзяць у наступны этап. Апроч таго, гонку працягнуць 4 лепшыя каманды, што занялі 3 месца.

Статыстыка матчу