Не прабілі абарону УНІКСу



«Цмокі» пачалі сённяшнюю гульню фолам Дэвона Садлера, дазволіўшы Антону Панкрашову адкрыць лік у гэтай сустрэчы. І пакуль у нашай каманды не залётала практычна нічога, у суперніка большасць кідкоў траплялі прама ў цэль.

Рывок УНІКСу 8-0 вымусіў Расціслава Вергуна ўзяць першы тайм-аўт, але і гэта не дапамагло. Гульцы, якіх выяўна злавала такое становішча спраў, сталі больш памыляцца, што дазволіла суперніку набіраць ачкі яшчэ і са штрафной лініі. Размачыў лічбы сваёй каманды Дзмітрый Паляшчук, дакладна кінуўшы з-за дугі. Уласна, гэта былі адзіныя ачкі нашай каманды ў стартавым адрэзку. Трэнерскі штаб увесь час шукаў аптымальнае спалучэнне на пляцоўцы, вырабляючы ратацыю гульцоў лаўкі. Але да вялікага перапынку наша адставанне складала амаль тры дзясяткі ачкоў.

Пасля перапынку сітуацыя не змянілася карэнным чынам: «Цмокі» спраўляліся з падборам, але мяч катастрафічна не ляцеў у кош суперніка. З 19 кідкоў з трохачковай лініі да апошняга адрэзку дакладным у гаспадароў быў толькі 1, тады як у УНІКСу значылася 12 з 20.

Мінчукі змаглі сабрацца і праявіць характар у апошняй чвэрці, але гэтага не хапіла для таго, каб хоць неяк наблізіцца да суперніку ў ліку – 57:99.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
Катастрафічны пачатак. 3 ачкі за чвэрць - гэта вельмі мала. Мы не можам знайсці лідара, які павядзе каманду. І ў баскетболе трэба трапляць у кош для таго, каб быць канкурэнтаздольным. З такім адсоткам рэалізацыі дальніх і сярэдніх кідкоў вельмі складана чакаць выдатнага выніку. Віншуем суперніка і жадаем поспеху надалей.


Галоўны трэнер УНІКСу Дзімітрыс Прыфціс:
Гэта была добрая гульня для нас. Мы прыехалі сюды з павагай да Мінску і сур'ёзна настраіваліся на сустрэчу. Гулялі адпачатку ў высокім тэмпе і паказалі добрую гульню ў абароне, што дазволіла выйграць. Жадаю Мінску поспеху ў далейшых матчах.

Наступная гульня «Цмокаў» пройдзе 10 лютага. У Мінск прыедзе крыўднік ЦСКА піцерскі «Зеніт». Квіткі ужо ў продажы на сайце ticketpro.by.

Цмокі-Мінск – УНІКС 57:99 (3-21, 14-25, 12-24, 28-29).
Цмокі-Мінск: Садлер (12), Сітнік (2), Трасцінецкі (4), Мешчаракоў (0), Лютыч (15+5 падбораў), Вашкевіч (0), Сарыкопулас (16+9 падбораў), Кудраўцаў (2), Раш (0), Паляшчук (6), Вабішчэвіч (0).