Чацвертая перамога на турніры!

За 2 дні да гульні з "Альбай" басніец Філіп Адамавіч атрымаў невялікае расцяжэнне. Абаронца выйшаў на пляцоўку ў старце, але ўжо праз паўтары хвіліны паказаў лаўцы: "мяняйце, сёння я не магу гуляць".

Але і без асноўнага разыгрываючага "Цмокі" збеглі ад суперніка досыць хутка: два трохачковых Трасцінецкага, блок-шот і наступны данк ад Кравіша - і пасля 13 ачкоў запар мінчукі лідаравалі з уражальнымі "+18" - 38:20.

Ніхто з гульцоў "Цмокаў" не правальваўся на сваёй пазіцыі. Замест стаміўшагася Дэвона Садлера з'явіўся на пляцоўцы Сяргей Вабішчэвіч, які, нягледзячы на адсутнасць стабільнай гульнявой практыкі, трымаўся даволі ўпэўнена. Застаўся задаволены запасным разыгрываючым і Аляксандр Круцікаў, які пасля матча толькі пашкадаваў, што не змог даць Сяргею больш часу на пляцоўцы. 

Пэўна, на працягу гульні ў многіх заўзятараў на арэне з'явілася адчуванне дэжа-вю: пасля рэзультатыўнага старту "Цмокі" знізілі звароты, а пасля вялікага перапынку ад 18 ачкоў перавагі засталося толькі 2. Каманды цалкам паўтаралі сцэнар першай гульні ажно да канцоўкі трэцяй чвэрці: там "Цмокі" закінулі 5 запар трохачковых і зноў пакінулі суперніка далёка за сабою - 68:49!

У "Альбы" атрымалася здзейсніць яшчэ адзін рывок, але і 11 ачкоў запар у апошняй 10-хвілінцы было мала: венгерцы, якія гулялі усеченай ратацыяй, не маглі бараніцца ў поўную сілу з-за стомленасці і перабору персанальных заўваг у некалькіх гульцоў адразу. А "Цмокі", пераадолеўшы невялікі спад у сваёй гульні ў чацвёртай чвэрці, зачынілі першы групавы раўнд Кубка ФІБА прыгожай хатняй перамогай - 87:82.

"Я віншую каманду супернікаў - яны заслужылі перамогу. Мы гулялі нядрэнна, але, на жаль, у абароне дзейнічалі не вельмі ўдала і страцілі шанец", - выказаў камплімент мінчукам галоўны трэнер "Альбы" Браніслаў Джуніч. 

Крыстафер Чараповіч выдаў чарговы перфоманс: 24 ачкі, 6 падбораў і 6 перадач. Цэнтравы Дэвід Кравіш, перайшоўшы ў стартавы склад, быў лепшым на шчытах: 10 падбораў і адразу 4 блок-шота! Адзначым паспяховыя дзеянні Макса Салаша, які за 18 хвілін набраў 12 ачкоў пры 50% рэзультатыўнасці з гульні!

Трэнер Аляксандр Круцікаў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі адзначыў паспяховую камандную гульню мінчукоў у наступе: "Мы нядрэнна бараніліся ў першай палове, але ў трэцяй чвэрці наступіў лёгкі спад, пасля якога мы вярнуліся ў гульню і кантралявалі ход падзей. Магчыма, недзе мы не дапрацавалі ў абароне, але дзякуючы добрым узаемадзеянням на перыметры дамагліся перамогі".

Іранічна ці не, але ў паралельным матчы "Шарлеруа", які прэтэндаваў на выхад з групы, саступіў на выездзе "Бней Герцліі". Гэта азначае, што і "Цмокі", і "Альба" працягнуць удзел у турніры. Наша каманда на другім этапе Кубка ФІБА згуляе з дацкім клубам "Баккен Беарз", венгерскім "Сольнакі Олай" і чарнагорскім "Морнар Барам".

Цмокі-Мінск - Альба Фехервар - 87:82 (23-16, 19-15, 26-21, 19-30)
Цмокі-Мінск:
Чараповіч (24 + 6 падбораў + 6 перадач), Кравіш (14 + 10 падбораў + 4 блок-шоты), Мешчаракоў (5), Кудраўцаў (4 + 6 перадач), Адамавіч (0); Садлер (17), Салаш (12 + 5 падбораў), Трасцінецкі (9), Семянюк (2), Вабішчэвіч (0).

Спонсары і партнёры